Качанава: Сярэдні заробак па краіне павінен быць 500 долараў
Сярэдні заробак па краіне павінен быць 500 долараў. Пра гэта падчас сустрэчы з калектывам Слуцкага цукрова-рафінаднага камбіната заявіла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Яна нагадала, што такую задачу паставіў Аляксандр Лукашэнка і дзяржорганы цяпер працуюць над тым, каб яе выканаць.
"Гэтая задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, павінна выконвацца без пярэчання, — цытуе словы Качанавай БЕЛТА. — І сёння гэта задача не толькі для ўрада, міністэрстваў і ведамстваў, а для кожнага кіраўніка кожнай арганізацыі".
Па словах Наталлі Качанавай, у сталіцы ўзровень сярэдняга заробку ў 500 долараў ужо дасягнуты. А вось па краіне сярэдняя зарплата ў снежні 2016-га склала толькі 801 рубель, а гэта каля 400 долараў. А ў Магілёўскай вобласці сярэдні заробак склаў 666 рублёў.
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта таксама заявіла, што сярод прыярытэтаў на 2017 год — стварэнне працоўных месцаў, экспарт. Кожнае прадпрыемства павінна працаваць эфектыўна і рэнтабельна, выпускаць запатрабаваную прадукцыю, прадаваць яе, а не запаўняць склады, адзначыла Качанава.