“Калі дзіця не пачне чытаць у 8, пачне у 10 ― нашым свеце немагчыма не чытаць”

“Калі дзіця не пачне чытаць у 8, пачне у 10 ― нашым свеце немагчыма не чытаць”

2 чэрвеня беларускія бацькі першакласнікаў рынуцца ў школы і гімназіі падаваць дакументы. Некаторыя ўжо вызначыліся з установамі, знайшоўшы свайго настаўніка ці моцную школу. Іншыя дагэтуль ламаюць галовы, баючыся самой цяперашняй сістэмы адукацыі.

Суразмоўца Еўрарадыё Наста Хоміч-Базар не мае ўласнага негатыўнага школьнага досведу. Але калі нарадзіліся яе дочкі, Наста, вядомая мінская арганізатарка сямейных івентаў, зразумела, што яе дзецям патрэбнае нешта іншае. Таму яна адкрыла ўласны тайм-клуб “Сямейны падворак”, у якім ёсць гурток пазашкольнага развіцця. Шасці-сямігадовыя дзеці, афіцыйна аформленыя ў школе на індывідуальны план навучання, прыходзяць у падворак тры разы на тыдзень ― тут ім дапамагаюць вывучаць праграму першага класа. Яны маюць два ці тры ўрокі, а астатні час гуляюць і наладжваюць стасункі між сабой.

 

Наста Хоміч-Базар: Я лічу, што абсалютна кожнаму дзіцяці падыходзіць сваё. Ёсць дзеці і бацькі, якім пасуе фармат школы. Ёсць наадварот. Таму проста дайце нам гэтую альтэрнатыву, вось і ўсё. Я пачала вывучаць гэтую тэму, хадзіць на канферэнцыі, зразумела, што такое хоўмскулінг, і зразумела, што гэта не мой варыянт, бо я сама не маю жадання выкладаць школьныя прадметы для дзяцей. Зразумела, што патрэбны педагог, якому я буду давяраць. Такую настаўніцу знайшла. У мяне пакуль няма жадання рэгістраваць гэта як прыватную школу. Магчыма, праз пяць-сем гадоў будзем афармляцца, але пакуль што афіцыйна гэта гурток пазашкольнага развіцця, у якім дзеці праходзяць праграму школы, але зусім не ў школьным варыянце, не па школьных правілах.

Калі мы вырашылі стварыць гурток, гэта было 3-4 гады таму, да нас далучаліся адзінкі, якіх трэба было яшчэ знайсці, а цяпер гэтым цікавіцца вельмі шмат людзей. То бок, альтэрнатыўная адукацыя ― гэта проста патрэба, якая наспела. Я ўжо зрабіла 25 лекцый па нефармальнай адукацыі з замежнымі ў тым ліку лектарамі. Дзякуючы лекцыям, я зразумела, што попыт ёсць, што людзям цікава. На адной з іх мы вызначаліся з тым, што стаіць за жаданнем вучыць дзіця такім чынам. Накідалі дваццаць прычын, і вельмі здзівіліся, што сярод іх не апынулася ніводнага пункту пра адукацыю. Там былі пункты "бяспечна", "адсутнасць абзывалак", "адсутнасць страху", "прастора для гульні". Гэта ўсё тычылася толькі нармальнага стану чалавека. І мы зразумелі, што гэта і ёсць фундамент, і што калі гэта ўсё будзе, то ўзяць веды ― абсалютна не пытанне, дзіця само іх возьме. Калі дзіцяці даёш магчымасць адчуваць тое, што яно хоча, даёш магчымасць проста быць, тады яно і вучыцца наладжваць стасункі. І міф пра тое, што хоўмскулеры не ўмеюць наладжваць стасункі ― гэта няпраўда. У нас, натуральна, б'юцца, абзываюцца, не дзеляцца, але мы вучым іх з гэтым спраўляцца. А часу на школьную праграму ў нас таксама хапае.

Еўрарадыё: Ці шмат прыватных устаноў у Мінску прапануе альтэрнатыўную адукацыю?

Наста Хоміч-Базар: Прыватных школ у Мінску каля 15-ці. Пытанне ў тым, ці з'яўляецца прыватная школа альтэрнатызўнай ў тым плане, як мы гэта разумеем. Прыватныя школы ў першую чаргу прапануюць меншую колькасць дзяцей і больш цікавае навучанне. Гэты варыянт мае сваіх кліентаў, і добра, што гэта ёсць. Але наш падыход іншы. Я асабіста, напрыклад, супраць сістэмы "урок-перапынак", таму што дзецям не хапае часу для кантакту. Я супраць таго, каб падаваць веды ўсім аднолькава. Напрыклад, мая дачка цяпер, напрыканцы першага класа, толькі вучыцца чытаць і пісаць. Мяне ніякім чынам гэта не турбуе, бо я разумею, што яна возьме сваё ў свой час. Але пры гэтым яна рашае прыклады па матэматыцы за трэці клас і класна шые з пяці гадоў. Крыва-коса, але шые. І я разумею, калі яна будзе класнай швачкай, і пры гэтым не будзе мець добрых адзнакаў па прадметах, якія ёй жыццёва не неабходныя, я не бачу ў гэтым праблемы.

“Калі дзіця не пачне чытаць у 8, пачне у 10 ― нашым свеце немагчыма не чытаць”
Так адбываюцца заняткі ў "Сямейным падворку"

Еўрарадыё: Як вырашыцца беларускім бацькам на падобны крок ― навучаць дзіця альтэрнатыўна?

Наста Хоміч-Базар: Тут, натуральна, важнае пытанне даверу. Даверу да сябе, да свету, да свайго дзіцяці. Для мяне жывы чалавек шмат больш паказальны, чым лічбы ў статыстыцы. Там можа быць дахалеры ўсяго напісана, які адсотак чаго дабіўся, але калі бачу жывое дзіця, якое хоўмскуліць, бачу, што яно адрозніваецца, што яму трошкі прасцей, лягчэй ― то для мне гэта прыклад. Як вырашыцца на гэты крок? Трэба быць у тусоўцы аднадумцаў, так прасцей пераканацца ў тым, што твае крокі правільныя. Безумоўна, ініцыятыў па нефармальнай адукацыі шмат, усе яны грунтуюцца на розных методыках. І мая мэта на апошняй канферэнцыі была ― паказаць іх усе. У некаторыя з іх я б не аддала сваё дзіця, бо ў мяне іншы светапогляд. Але гэта ўсё адно альтэрнатыва школе, і трэба, каб людзі ведалі, што яна ёсць. Усе прыходзяць з пытаннямі, як арганізаваць сваё жыццё з дзіцём-хоўмскулерам, бо першае, што ты ўяўляеш, што давядзецца сядзець цэлы дзень з ім дома. А гэтага не могуць дазволіць сабе многія бацькі, бо яны працуюць. Таму можна ствараць сямейную кааперацыю, наняць педагода, які будзе сядзець з дзіцём альбо прыватна, альбо ў кампаніі. Гэта ўсё можна зрабіць. Калі няма варыянтаў, якія падыходзяць вам, вы можаце стварыць свой. Гэта лёгка.

Еўрарадыё: Яшчэ лічыцца, што прыватная адукацыя ― гэта дорага, што 500-600 долараў не кожнаму аматару па кішэні.

Наста Хоміч-Базар: Так, гэта правільныя кошты. Бо ў прыватнай афіцыйнай школе ёсць стаўкі дырэктара, намдырэктара, псіхолага, медработніка, і ўсім трэба плаціць. Таму ў мяне няма жадання нешта ствараць за 500 долараў, бо гэта можна зрабіць і за 100, 150, калі гэта сямейная кааперацыя, гэта магчыма зрабіць за 300 з харчаваннем. Пытанне толькі ў жаданні людзей і ў тым, як яны сёння скааперуюцца. Магчыма зняць разам памяшканне, наняць настаўніка, які таксама плаціць падатак, як рэпетытар, і аформіць гэта ўсё. Гэта будзе танней, чым у школе. Таму што сюды не трэба купляць форму, з якой дзіця вырастае, сшыткі. Карацей, трэба нашмат менш усяго, па другое, не трэба здаваць на вокны і падарункі настаўнікам.

Еўрарадыё: Усіх непакояць гарантыі ― у школе ёсць веды і атэстат. А што чакаць ад альтэрнатывы?

Наста Хоміч-Базар: Мэта марафона ― яго прабегчы, а не стартануць вельмі хутка. У нашай школе старт вельмі хуткі, дзеці пасярэдзіне гонкі выматваюцца, дабягаюць ніякія ― гэта нашы выпускнікі, якія часцей за ўсё не любяць школу і радуюцца, што яны скончылі яе нарэшце. Другі варыянт ― гэта павольна бегчы, ісці за патрэбамі дзіцяці. Калі яно не хоча чытаць у восем, яно пачне чытаць у дзесяць, бо немагчыма ў нашым свеце не чытаць і не пісаць. Да таго ж, якія гарантыі ёсць у школе? Ці ёсць гарантыя, што дзіця скончыць яе і будзе ведаць усё, што яму выкладалі, выкарыстоўваць гэтыя веды, умець іх аналізаваць, сублімаваць і выдаваць з гэтага нейкі прадукт? У мяне гэтай гарантыі ў дачыненні да класічнай школы няма, не таму, што яна дрэнная, а таму, што гэта ўсё вельмі ўмоўна. Іншае пытанне, што ў школе ўсё зразумела. Ты ідзеш у першы клас, другі і гэтак далей. У нашым варыянце ты давяраеш больш сабе сабе і дзіцяці, бачыш яго і даеш тое, што падабаецца. Калі яму цяпер цікавая матэматыка, даць яму матэматыку за тры гады, а ў другім-трэцім вывучыць мову і літаратуру. Гэта нармальна.

Еўрарадыё: Ці ёсць рэакцыя дзяржавы на вашу ініцыятыву? Ходзяць на падобныя канферэнцыі настаўнікі ці дырэктары з афіцыйных школ?

Наста Хоміч-Базар: Не. Але хочацца паціху выходзіць з ценю, кантактаваць з Мінадукацыі з мэтай разргузіць школу і настаўнікаў, у якіх перагруз. Нас ніколі не будзе большасць. У Амерыцы на дамашнім навучанні, здаецца, два з паловай адоткі ўсіх вучняў. Мы ніякай пагрозы для сістэмы не можам ствараць, мы проста працуем з дзецьмі, якім гэты фармат пасуе больш. Я кажу не толькі пра таленавітых дзяцей, але і пра тых, якім цяжка быць у грамадстве, і тых, якія, прабачце, элементарна пісаюцца да адзінаццаці гадоў. Што рабіць такому дзіцяці? Пра якую адукацыю мы будзем казаць, калі ёсць нейкі псіхалагічны ці фізічны нюанс, што ён засвоіць, калі яго асноўная мэта будзе: як мне не аблажацца і быць як усе. Вельмі хочацца пра гэта казаць.

Еўрарадыё: Што б ты параіла бацькам, якія ўсё ж абралі звычайную школу, хаця баяцца гэтага новага этапу?

Наста Хоміч-Базар: Раслабіцца і прымаць усё як ёсць. Ведаеш, самому паламацца, але зрабіць дзіцяці добра, альбо быць у спакоі… Усё ж надзень спачатку на сябе маску ў самалёце, а потым на дзіця ― гэта першае правіла. Таму спачатку павінны быць у норме бацькі. Калі ім спакайней, зручней аддаць дзіця ў школу, калі яны бачаць у гэтым сэнс ― гэта окей, таксама добра. Калі вам здаецца, што павінна быць настаўніца ― шукайце настаўніцу. Калі падаецца, што трэба хадзіць блізка ля дома ― шукайце такі варыянт. Калі будзе добра і спакойна вам, дзіцяці таксама будзе добра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі