Калі ў абноўленых Раўбічах пройдзе этап Кубка свету па біятлоне
Еўрарадыё даведалася, ці сапраўды пасля рамонту Раўбічы настолькі крутыя.
Абноўлены біятлонны комплекс 13-га лютага прымае сам Лукашэнка. “Я не ведаю, што вам яшчэ трэба”, — кажа кіраўнік краіны на камеру, здымаючы лыжы. Пакуль у Раўбічах праходзіць юніёрскі чэмпіянат свету, Еўрардыё высвятляе, калі там зможа выступіць Дар’я Домрачава.
Траса сусветнага ўзроўню
“Усё гатова. Траса насамрэч сусветнага узроўню. Там усё адпавядае. Такіх трас у свеце вельмі мала. Яна насамрэч вельмі добрая — шырокая траса, шырокія пад’ёмы, добрае стэльбішча”, — расказвае Еўрарадыё біятланіст, член Алімпійскай зборнай Беларусі на гульнях у Ванкуверы Рустам Валіўлін.
Спорткомплекс "Раўбічы" быў пабудаваны ажно ў 1974 годзе — ён адзін з самых старых у Беларусі, якія выкарыстоўваюцца дагэтуль. На момант пабудовы быў адным з самых сучасных у свеце і самым сучасным у СССР. Аднак да сярэдзіны 90-ых састарэў і больш не прымаў міжнародных спаборніцтваў высокага ўзроўню.
Калі у Раўбічах пройдзе этап Кубка свету, альбо чэмпіянат свету.
“Дырэктар комплексу Андрэй Асташэвіч паведаміў, калі я не памыляюся, што на бліжэйшыя 4 гады увесь расклад топ-спаборніцтваў распісаны. Таму мы можам прэтэндаваць на дарослыя спаборніцтвы, але не раней чым у 2019-2020 гадах”, — гаворыць прэс-сакратар Міністэрства спорту Уладзімір Несцяровіч.
То бок Дар’ю Домрачаву на трасах Раўбічаў мы калі і ўбачым, то, хутчэй, сімвалічна. Наўрад ці сусветна вядомая беларуская спартсменка не завершыць кар’еру да таго часу. Спадзявацца будзем на новае пакаленне біятланістаў.
Агулам жа чэмпіянат свету — самыя прэстыжныя пасля Алімпіяды біятлонныя спаборніцтвы — праходзілі ў Раўбічах тройчы. У год адкрыцця ў 1974, у 1982 і напырканцы існавання СССР — у 1990.
Пры якіх умовах гэта адбудзецца.
Адпаведнасць сусветным стандартам сама па сабе не гарантуе правядзення міжнародных спаборніцтваў топ-узроўню. У Мінспорту кажуць, што шмат чаго залежыць ад юніёрскага чэмпіянату, які ў гэтыя дні праходзіць у Раўбічах:
“У тым выпадку, калі ў нас усё атрымаецца добра цяпер, на гэтым юніёрскім чэмпіянаце свету і афіцыйныя прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі біятлона будуць задаволеныя, убачаць на свае вочы і ацэняць, то я думаю, што шанец такі ў нас з’явіцца”.
Ці можна трэніравацца біятланістам на раўніне.
Большасць этапаў Кубка свету праходзіць у гарах рознай вышыні. Умовы там зусім не такія, як у Беларусі — іншае паветра, іншы рэльеф, значна менш кіслароду. Рустэм Валіўлін мяркуе, што гэта, у прынцыпе, не перашкодзіць трэніравацца ў Раўбічах:
“Розніца з іншымі трасамі ў тым, што там высакагор’е альбо сярэднегор’е. А тут раўніна. Але трэніравацца можна і на раўніне. Увесь час у гарах жа не будзеш трэніравацца. Дастаткова некалькі разоў на год туды з’ездзіць. Гэтага цалкам хопіць, гэта нармальна”.
Чаму ў Раўбічы не прыехала трэніравацца Домрачава.
Да чэмпіянату свету па біятлоне больш за два тыдні — ён пачынаецца ў Фінляндыі толькі 5 сакавіка. Аднак ужо вядома, што беларуская зборная на чале з Дар’яй Домрачавай у абноўленыя Раўбічы не прыедзе нават трэніравацца.
“Мы адправімся ў Рупольдынг (Германія), будзем рыхтавацца да чэмпіянату свету. Мы не можам паехаць трэніравацца ў Раўбічы, бо там будзе праходзіць юніёрскі чэмпіянат свету, і трэнеры баяцца, што да асноўнай каманды будзе занадта шмат лішняй ўвагі”, — расказала Домрачава.
Дарэчы, чэмпіянаты свету па біятлоне таксама распісаныя на чатыры гады наперад. Сёлета ён пройдзе у фінскім Канціялахці, у наступным годзе біятланістаў прыме нарвежскі Хольменколен, у 2017 — аўстрыйскі Хохфільцэн, а ў 2019 — шведскі Эстэрсунд. У 2018-ым пройдзе зімовая Алімпіяда. Вольны толькі 2020-ы.
Фота AFP