Калі ў Беларусі скончыцца спёка? Спыталі самага папулярнага пагоднага блогера
Лета
Да канца наступнага тыдня ў Беларусі будзе горача, але шалёныя тэмпературы скончацца ўжо да панядзелка, 15 ліпеня, абяцае Еўрарадыё блогер, аўтар папулярнага твітар-акаўнта пра надвор'е "Блізкі космас".
"Страшная спёка скончыцца ў гэтую нядзелю на паўднёвым усходзе Беларусі. Але прыкладна да 20 ліпеня, як лічыць Еўрапейскі цэнтр сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я ECMWF, у нашым рэгіёне захаваецца ўмерана гарачае надвор'е. На поўначы РБ — +27...+29°, у цэнтры — +28...+31°, на поўдні — +30°...+33°", — расказвае наш суразмоўца.
Ад спёкі цяпер пакутуе не толькі Беларусь, але і ўся Цэнтральная і Усходняя Еўропа. Мы папрасілі аўтара канала пра надвор'е спрошчана растлумачыць, што адбываецца.
"Горача з прычыны паступлення трапічнага паветра з Паўночнай Афрыкі. Яшчэ відаць, што такая цыркуляцыя адбываецца праз дэпрэсію (у метэаралогіі — вобласць параўнальна нізкага атмасфернага ціску) у зоне "Х" (гл. на малюнку) над Паўночнай Атлантыкай, па перыферыі якой гарачае паветра пранікае з поўдня далёка на поўнач кантынента", — кажа суразмоўца Еўрарадыё.
Сіноптыкі Гідраметцэнтра абяцаюць, што ў суботу, 14 ліпеня, слупок тэрмометра ў некаторых раёнах Беларусі падымецца да +32...+37°С. На поўначы крыху халадней — +29...+31°С. Гарачэй за ўсё будзе ў нядзелю, 14 ліпеня. Днём на паўночным захадзе камфортныя +25°С, а вось на паўднёвым усходзе — да +38°С.
Агурковая ноч
У сябе на канале блогер расказвае, што ноч з 11 на 12 ліпеня ў Мінску была... агурковай.
"У цёмны час сутак тэмпература паветра на апорнай метэастанцыі ва Уруччы не апускалася ніжэй за +20 градусаў. Народная назва такіх начэй звязаная з асаблівасцямі развіцця агурковых пладоў, якія растуць пераважна ў цёмны час сутак і аддаюць перавагу тэмпературы паветра якраз у раёне 20 градусаў. Іншымі словамі, у агурковую ноч плады дадаюць у вазе больш, чым звычайна", — расказваюць у “Блізкім космасе”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.