Калі вельмі хочацца: як ДАІ чаплялася да блогера, які стрыміў з акцыі Статкевіча

Калі вельмі хочацца: як ДАІ чаплялася да блогера, які стрыміў з акцыі Статкевіча

Сяргей Ціханоўскі — пратэстны беларускі Youtube-блогер, аўтар канала "Краіна для жыцця". 6 кастрычніка каманда Сяргея арганізавала стрым з пікета Мікалая Статкевіча на плошчы Свабоды. Адразу ж пасля гэтага да блогера з'явіліся пытанні ў сталічнай ДАІ.

"Мы пасля мерапрыемства выехалі, далей супрацоўнікі паведамілі даішніку, даішнік па рацыі нешта перадаваў, — расказвае Сяргей. — Нас шэсць экіпажаў ДАІ цягнула, мы на Карла Маркса павярнулі, яны за намі. Самі спынілі, падышоў супрацоўнік ДАІ, спачатку прасіў проста паказаць дакументы".

Тры прычыны "праехаць у райаддзел"...

Міліцыянт кажа Ціханоўскаму, што на машыне, якой ён кіруе, вісіць некалькі штрафаў за перавышэнне хуткасці. Каманда блогера запісвае дыялог на відэа:

"Калі будзе ўстаноўлена, што гэта вы былі за рулём, то ў дачыненні да вас будзе пачаты адміністрацыйны працэс. Фатаграфіі знаходзяцца ў чалавека, які ў аддзеле, — кажа супрацоўнік ДАІ. — Каб ідэнтыфікаваць машыну, на якой вы рухаліся, з фатаграфіяй, якая ёсць у базе, нам трэба з вамі праехаць у райаддзел [Ленінскае РУУС. — Еўрарадыё]. Калі не будзе даказана, што гэта вы былі, то ўсё. <...> Трэба ўсебакова разабрацца, сабраць усе доказы — альбо яны ёсць, альбо іх няма”.

Ціханоўскі праехаць у райаддзел адмаўляецца, але міліцыянт настойвае: "У вас плёнка на шкле ёсць? Вы ведаеце, што на тэрыторыі Беларусі забароненая эксплуатацыя сродкаў з таніровачным пакрыццём?"

Потым супрацоўнікі ДАІ называюць трэцюю прычыну, з якой Ціханоўскі павінен праехаць з імі. Маўляў, вырашылі праверыць, ці супадаюць у машыне нумары кузава з нумарам у тэхпашпарце.

"У нас падазрэнне, што ў вас не зусім адпавядае..." — кажа супрацоўнік ДАІ і паказвае на капот. Урэшце ў суправаджэнні супрацоўнікаў АМАП Youtube-блогер на сваёй машыне паехаў у міліцыю.

...і толькі адзін пратакол

У выніку на Сяргея Ціханоўскага склалі адміністрацыйны пратакол за таніраванае шкло ў машыне. Пра гэта Еўрарадыё расказала і афіцыйная прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава. Яна дадала, што за Ціханоўскім не ехала шэсць экіпажаў ДАІ. Каб спыніць яго машыну, цалкам хапіла аднаго.

Усе астатнія падазрэнні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі не пацвердзіліся. Ад прэтэнзій па парушэнні хуткаснага рэжыму аўтар "Краіны для жыцця" змог адбіцца, а нумары, якія павінныя былі супасці, супалі. Але ці варта было прымушаць блогера ехаць у РУУС толькі для таго, каб там скласці на яго пратакол, які можна скласці на месцы? Ствараецца ўражанне, што супрацоўнікі ДАІ чамусьці вельмі хацелі, каб Сяргей Ціханоўскі пасля стрыму з пікета Мікалая Статкевіча паехаў з імі.

 

Праўда, якімі б матывамі ні кіраваліся міліцыянты, у адпаведнасці з артыкулам 3.31 ПВКаАП яны мелі права даставіць Ціханоўскага ў РУУС для складання пратакола:

"Адміністрацыйны працэс вядзецца па месцы здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. У мэтах забеспячэння аператыўнасці, аб'ектыўнасці і паўнаты адміністрацыйнага працэсу ён можа праводзіцца па месцы выяўлення правапарушэння, па месцы знаходжання органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, а таксама па месцы жыхарства, месцы знаходжання асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ці большасці сведак".

Інакш кажучы, міліцыянты нічога не парушылі — кодэкс дае ім права даставіць у аддзел хоць безбілетніка, хоць чалавека, які не там, дзе трэба, перайшоў дарогу. Але праўда і ў тым, што так робяць далёка не з кожным парушальнікам.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі