Каля Курапатаў апроч “Бульбаш-хола” пабудуюць выставачны цэнтр?

У Курапатах чарговае ўшчыльненне. З усходняга боку, недалёка ад “Экспабела” можа з’явіцца выставачны комплекс з аўтастаянкай.

“Ёсць ужо эскізныя напрацоўкі, яны пакуль не зацверджаныя, але ў гэтым кірунку ідзе праектаванне. Спачатку мусіць быць зацверджаная ахоўная зона помніка, а пасля ўжо можна нешта праектаваць з улікам гэтай ахоўнай зоны. Гэта ініцыятыва гандлёва-прамысловай палаты, пабудаваць там міжнародны выставачны комплекс”, — расказвае Еўрарадыё старшыня добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Эскіз выставачнага комплексу

Ён мяркуе, што акурат з усходу помніка ахоўная мяжа застаецца адкрытай. Таму праектаванне там — парушэнне закона.

“Мы накіравалі ліст у Генеральную пракуратуру, бо праектаванне парушае закон, які забараняе праектную дзейнасць, калі не зацверджаныя ахоўныя зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці. Другі ліст мы накіравалі ў мінскі райвыканкам з патрабаваннем наладзіць грамадскае абмеркаванне гэтага праекта”, — дадае Антон Астаповіч.

Больш за год таму вакол Курапатаў разгарэўся скандал з-за будаўніцтва прыдарожнага сервіса “Бульбаш-хол”. Пасля забудоўшчыкі змянілі назву. Тады ж высветлілася, што ахоўныя зоны помніка не зацверджаныя, а домікі каля помніка выходзяць за межы тых самых ахоўных зон.

Праз год цікавімся ў Міністэрства культуры: ці зацвердзілі ахоўныя зоны?

“Нам праект не прадстаўлялі пакуль. Адпаведна, праект не зацверджаны. Там ёсць план асваення тэрыторыі ўздоўж кальцавой дарогі”, — адказваюць у Мінкульце.

Дэтальнага плану паміж “Экспабелам” і Курапатамі няма, таму пакуль няма і ахоўных зон, адразу гавораць на даследчым прадпрыемстве “Мінскграда”, якое і мусіла распрацоўваць ахоўныя зоны. А эскіз праекта выставачнага цэнтру тут называюць проста нататкамі без юрыдычнай сілы.

“Там пакуль не замоўлены дэтальны план, змяніліся ўмовы нейкія, таму гэта не выканана. А гэты эскіз, ён не мае юрыдычнай сілы. Бо на буйным аб’екце робяцца такія накіды. Там не пачалася яшчэ сур’ёзная праца, бо там сапраўды ахоўныя зоны Курапат, і яны будуць улічаныя”, — расказваюць у "Мінскграда".

Выставачны комплекс сапраўды плануецца, пацвярджаюць Еўрарадыё ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце. Але дзе ён будзе і калі, сказаць не могуць.

“Усё пакуль абмяркоўваецца, канкрэтных рашэнняў нейкіх няма. Можа, гэта ў іншым месцы будзе”, — сумняваюцца ў гандлёва-эканамічнай палаце.

У Курапатах у 1930-я гады былі расстраляныя дзясяткі тысяч людзей. Па пастанове ўрада БССР 1989 года там мусіў з’явіцца помнік, пра які казаў і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка. Але за 25 гады яго так і не ўсталявалі.

Камень з шыльдай-напамінам пра помнік

Край мемарыяла "Курапаты" і будучы "аб'ект прыдарожнага сервісу".

Эскізы выставачнага комплекса і аўтастаянкі

Фота - Арцёма Мартыновіча, фота эскізаў - pomniki.budzma.org

Мінкульт: Пабудаваныя каля Курапатаў чатыры домікі стаяць у ахоўнай зоне!

Помнік у Курапатах абяцалі паставіць урад БССР і Лукашэнка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі