Камітэт дзяржкантролю заняўся аператарамі мабільнай сувязі ў Беларусі
Кантралёры працягваюць "кантрольныя мерапрыемствы" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Камітэт дзяржкантролю заняўся аператарамі мабільнай сувязі ў Беларусі. Яго прэс-служба заявіла, што "спынены спробы павышэння кошту паслуг". Кантралёры з абурэннем пішуць, што аператары мабільнай сувязі робяць такія крокі "на фоне стабільнага фінансавага становішча і нарошчвання прыбыткаў".
Прыводзіцца прыклад, што ў пачатку 2023 года "была зроблена спроба павелічэння кошту паслуг шляхам іх вылучэння ў якасці дадатковых з абаненцкай платы". А ў сакавіку аператары "зноў анансавалі павышэнне коштаў на дадатковыя і сэрвісныя паслугі, кошт якіх у цяперашні час не рэгулюецца дзяржавай". Але тут з'явіліся супрацоўнікі КДК.
Адзначаецца, што "праводзіцца праца па ўключэнні дадатковых і сэрвісных паслуг аператараў мабільнай сувязі ў пералік рэгуляваных, што не дазволіць аператарам прымаць рашэнні аб павышэнні кошту такіх паслуг без узгаднення з рэгулятарам". Акрамя таго, кантралёры працягваюць "кантрольныя мерапрыемствы". Яны анансуюць, што сумесна з іншымі "зацікаўленымі ведамствамі" збіраюцца "прадметна вывучыць дзейнасць аператараў сотавай сувязі па пытаннях выканання падатковага і цэнавага заканадаўства, якасці аказваемых паслуг, паўнаты выканання абавязацельстваў перад спажыўцамі і дзяржавай". А там, дзе ў РБ праверкі, там і штрафы.
Падрабязнасці гэтага "мерапрыемства" КДК збіраецца распавесці на БТ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.