Канцэрт Памідорава і Дзянісава ў гродзенскай сінагозе адмянілі
Мясцовыя ўлады палічылі, што выкарыстоўваць сінагогу пад канцэрт немэтанакіравана.
Дабрачынны канцэрт Аляксандра Памідорава і Алеся Дзянісава (гурт Dzieciuki) у гродзенскай сінагозе адмянілі. Музыканты збіраліся зладзіць дабрачынны канцэрт, а сабраныя грошы — аддаць на рэстаўрацыю харальнай сінагогі.
Але мясцовы аддзел па справах рэлігій і нацыянальнасцяў палічыў, што выкарыстоўваць памяшканне сінагогі пад канцэрт немэтанакіравана. Як паведаміў Еўрарадыё музыкант Алесь Дзянісаў, канцэрт папрасілі не праводзіць.
Алесь Дзянісаў: “Патэлефанавалі і паведамілі, каб канцэрт не праводзілі. Нам вельмі шкада, бо як музыкам было цікава зайграць у гэтым памяшканні. Тым больш, гэта быў дабрачынны канцэрт”.
Аляксандр Памідораў дадае, што такі канцэрт цалкам можна назваць рэлігійнай справай, бо ён меўся адбыцца адразу пасля свята Пэсах, 12 красавіка.
Пакуль музыканты шукаюць іншае памяшканне, каб усё ж правесці канцэрт. Аляксандр Памідораў на ім планаваў заспяваць песні з адмысловай праграмы на ідышы. А Алесь Дзянісаў меўся выканаць песні на вершы Алеся Чобата.
Фота — budzma.by