Карэспандэнту Радыё Свабода падчас затрымання разбілі нос
Карэспандэнту Радыё Свабода Антону Трафімовічу 15 ліпеня падчас затрымання ў Мінску сілавікі разбілі нос. Ён вёў стрым ад ЦВК, куды стаяла вялізная чарга людзей, якія прынеслі скаргі на нерэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы.
"Калі я выйшаў з вуліцы Мяснікова на Нямігу, каля мяне прыпыніўся мікрааўтобус, адкуль выбеглі 6-7 чалавек, двое ў форме АМАПу, астатнія — у цывільным, — цытуе словы Трафімовіча пасля вызвалення svaboda.org. — Мне закруцілі рукі за спінай, засунулі ў рот руку, каб я не крычаў. Пры затрыманні моцна стукнулі па носе".
У мікрааўтобусе Антона Трафімовіча пасадзілі на падлогу на калені, надзелі кайданкі за спінай. Журналіста трымалі галавой уніз. "У мяне цякла кроў, але супрацоўнікі міліцыі на гэта не рэагавалі, — кажа Трафімовіч. — Уся падлога пада мной была ў крыві, вопратка таксама запэцканая кроўю".
Журналіст Радыё Свабода кажа, што яго завезлі ў Заводскае РУУС. Праз гадзіну яго адпусцілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.