Карупцыйны скандал ў Чэхіі скончыўся паразай пракуратуры і фарсам у судзе
Суд вырашыў не пазбаўляць экс-прэм’ера Пятра Нечаса імунітэта, а таксама пасля месячнага арышту вызваліў трох дэпутатаў.
14 чэрвеня Еўрарадыё паведамляла пра правядзенне ў Чэхіі найбуйнейшай у гісторыі краіны антыкарупцыйнай аперацыі. Тады былі затрыманыя кіраўнік кабінета прэм’ера, былыя міністры, кіраўнік ваеннай выведкі і лабісты. Удзел у аперацыі ўзялі каля 400 паліцэйскіх.
Цяпер з’явіўся нечаканы працяг “карупцыйнай афёры”.
“Па-першае, пракурор, які дабіваўся пазбаўлення экс-прэм’ера недатыкальнасці, зняў свае патрабаванні, па-другое, паводле рашэння Вярхоўнага суда з СІЗА вызвалілі трох палітыкаў, якіх вінавацілі ў карупцыі. Абвінавачванні з іх не знятыя, але суд палічыў, што ў момант меркаванага злачынства яны мелі дэпутацкі імунітэт”, — паведамляе “Радыё Прага”.
Дэпутаты Тлухар, Фукса і Шнайдр вінаваціліся ў тым, што прамянялі свае мандаты на высокія пасады на дзяржпрадпрыемствах. Але суд вырашыў, што яны не могуць быць пакараныя за перамовы ў будынку парламента, бо на момант гэтых перамоваў дэпутаты мелі імунітэт. У сваю чаргу галоўны пракурор Іва Іштван сцвярджае, што не будзе спяшацца са спыненнем справы, бо вердыкт суда яму незразумелы.
Іва Іштван: “Тое, што адбываецца па-за парламентам ці ў ім, але не ўпісваецца ў межы дэпутацкай дзейнасці, можа быць злачынствам. І дэпутат можа панесці крымінальную адказнасць, калі парламент пазбавіць яго імунітэта”.
Сам жа прэм’ер назваў таргі з дэпутатамі “нармальнай формай палітыкі”.
Варта дадаць, што за кратамі па-ранейшаму застаецца кіраўнік кабінета прэм’ера Яна Надзёва, бо, акрамя “палітычнай карупцыі”, яе вінавацяць у іншым злачынстве. Ёй пагражае 5 гадоў зняволення за “злоўжыванне ўладай”. Надзёва была каханкай прэм’ера, таму незаконна загадала тайным службам сачыць за яго жонкай, каб атрымаць доказы здрады апошняй.
“Мая сувязь з Янай Надзёвай моцная, мы хочам будаваць агульную будучыню”, — заявіў нядаўна Петр Нечас у інтэрв’ю для газеты „Pravo”.
У мінулым палітык плаціў Надзёвай спецыяльную прэмію ў памеры 2500 еўра за “добрую працу”. Але пра сачэнне за сваёй жонкай, кажа, не ведаў.
Тым часам карупцыйны скандал, які спачатку ўспыхнуў, а цяпер супакоіўся, справакаваў палітычны крызіс у Чэхіі.
Пасля адстаўкі Нечаса ў якасці новага прэм’ера прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан прызначыў Іржы Руснока, які дзесяць гадоў таму быў міністрам фінансаў. Але ўрад Руснока, які падтрымліваюць толькі 26 дэпутатаў з Камуністычнай партыі Чэхіі і Мураваў, не мае большасці ў парламенце. Калі Іржы Руснок сутыкнецца з вотумам недаверу, прэзідэнт будзе вымушаным прызначыць новага прэм’ера. Але на тое, каб зрабіць гэта, няма дакладных тэрмінаў. Таму дэпутаты баяцца, што Мілаш Земан будзе трымаць пры ўладзе свайго чалавека аж да наступных выбараў у траўні 2014 года.
На фота былы прэм'ер-міністр Чэхіі Петр Нечас (Fot. FRANCOIS LENOIR REUTERS)