"За 4 месяцы атрымалі 180 тысяч рублёў. Астатняе каўбасой і кансервамі"
Сялянам на Віцебшчыне зарплату выдаюць прадуктамі. Людзі не могуць аплачваць камуналку і вымушаныя забіраць дзяцей з садкоў. Каўбасой там не бяруць.
Пачалося ўсё з гісторыі, размешчанай у сацсетках. Яна кароткая і ў арыгінале гучыць так: “Зарплату ў СВК часткова выдалі каўбасамі. Прыйшоў гаспадар у банк і паспрабаваў заплаціць імі ж крэдыт. Апынуўся на "сутках"... Гэта не пачатак рамана, гэта суворая праўда жыцця”.
Адзін з тых жартачкаў, якіх хапае ў сацсетках? Але аўтар допісу распавядае: адбылося ўсё гэта ў гарадскім пасёлку Шаркаўшчына, герой яго гісторыі жыве ў аграгарадку Більдзюгі, а такі “каўбасны” заробак атрымаў у родным сельгасвытворчым камбінаце “Жвіранка”. Праўда, прызнаецца, што прозвішча “крэдытаплацельшчыка” не ведае…
У Шаркаўшчыне працуюць толькі аддзяленні “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”. У першым мне кажуць, што гісторыю гэтую таксама чулі, але “адбылася яна не ў “Беларусбанку” і не ў Шаркаўшчыне”. На пытанне “А дзе?” адказваюць з падколкай: “Ну, гэта ж вы Еўрарадыё, а не мы — шукайце!” Добра, будзем шукаць. І звяртаемся ў “Белаграпрамбанк”.
“Я пра гэты выпадак чула, але такога ў нас не было. Мы таксама хацелі ўдакладніць, дзе гэта здарылася, але таксама не знайшлі, адкуль гэта ўсё ішло, — расчароўвае мяне супрацоўніца і гэтага аддзялення банка. Праўда, далей распавядае такое, на што, шчыра прызнаюся, не разлічваў. — Такія размовы бытуюць сярод насельніцтва, бо сапраўды “натураплатай” заробак выплачваюць работнікам, вось яны і кажуць: “Грашыма нам заробак не даюць, і мы будзем вам прыносіць той самай каўбасой”. Але ў нас такога яшчэ не было!”
Атрымліваецца, што калі канкрэтна гэтай гісторыі, з якой усё і пачалося, не было, то імавернасць такога развіцця падзей вельмі вялікая? А гэтая “народная творчасць” пра каўбасы, крэдыт і “суткі” не ад жадання павесяліцца, а ад безвыходнасці? Супрацоўніца банка распавядае: у гаспадарках раёна вялікія затрымкі па заробках. Часткова іх людзям выплачваюць каўбасамі, крупамі ды іншымі прадуктамі. А як жа на самай справе быць тым, у каго ёсць крэдыты?
“Мы стараемся з кіраўнікамі сумесна “прапрацоўваць” гэтае пытанне, каб чалавек не выходзіў на “пратэрміноўку”, каб потым неймаверныя сумы не выходзілі ў выніку… Вырашаем гэтае пытанне непасрэдна з кіраўніком”, — раскрывае таямніцу беларускага банкаўскага бізнесу суразмоўца Еўрарадыё.
Няўжо справа насамрэч зайшла так далёка? Добра, банкі неяк вырашаць пытанне з кіраўніком гаспадаркі. Бо гэта ён не плаціць свайму супрацоўніку заробак несвоечасова. Ды і, глядзіш, самой сельгасгаспадарцы давядзецца ў банк па крэдыт звяртацца — лепш адносіны не псаваць. Але ж ёсць установы, якім не так лёгка знайсці фінансавае паразуменне з кіраўніком. Да прыкладу, дзіцячаму садку. Ёсць ён у тым жа аграгарадку Більдзюгі, адкуль нібыта быў “каўбасны крэдытаплацельшчык”? Ёсць! І што?
“Выплачваюць прадуктамі, так, — распавядаюць мне ў “більдзюгоўскім” дзіцячым садку. — Прывозяць і муку, і цукар, і кансервы… Але ж на самай справе такая сітуацыя, што ёсць крэдыты, ёсць камунальныя плацяжы — чым аплачваць? На сваёй працы я сутыкаюся з тым, бацькі адмаўляюцца ад харчавання ў дзіцячай дашкольнай установе, не водзяць дзяцей рэгулярна. Бо атрымліваецца, што трэба заплаціць 400 тысяч рублёў за садок, а грошай няма. Дзядуля-бабуля як ёсць, то па магчымасці пакідаюць дома. Вось такая сітуацыя ў нас”.
Няўжо немагчыма нават на дзіцячы садок грошы знайсці?! Як выкручвацца ў такой сітуацыі? Жанчына, супрацоўніца СВК “Жвіранка”, якой я адрасую гэтае прынесенае з мясцовага садка пытанне, сумна ўздыхае ў адказ.
“А вось гэта нікога не цікавіць! Круцімся як можам: пазычаем, распіскі пішам, што тады і тады аддадзім даўгі… Студзеньскі заробак не выплачаны… Студзень, люты — ужо сакавік выплачваць трэба. Ну, мы каўбасу атрымліваем, кансервы, малако згушчанае, муку, крупы — натурпрадукт атрымліваем, а грошы не! Хто трымае карову, той хоць за малако атрымае, але і ім таксама ўжо месяц нічога не плацілі. Ну, хто як можа, той так і выкручваецца, карацей кажучы!”
Цікава, што ўсе калі не пагадзіліся, то змірыліся з такімі “каўбаснымі заробкамі”.
“Ёсць дзеці-студэнты, ёсць сям’я, якую трэба карміць. І атрымліваецца, што спачатку ўсе казалі “не”, але калі столькі часу затрымліваюць заробак, то гэта хоць нешта. Ужо нешта ёсць пакласці з сабой у сумку студэнту і хоць нешта паесці дома, разумееце”…
Пытанне, колькі ў сярэднім, хаця б па паперах, зарабляюць людзі ў “Жвіранцы” канчаткова псуе настрой жанчыне:
“Ой… Капейкі-слёзы… Чыстымі 1 мільён — 1 мільён 200 тысяч. А калі каўбасу тую потым з заробку ўтрымаць, то ўвогуле нічога не застаецца. За ўсе прадукты як утрымаюць, то фактычна…”
Жанчына адварочваецца і гучыць слова, якое па радыё “запікваюць”. На пытанне, чаму не едуць у горад працаваць, гучыць адвечнае: “А як жа сваю хату кінеш?”
Але ў бухгалтэрыі СВК высвятляецца, што наконт выплаты заробку “жывымі грашыма” мне сказалі не ўсю праўду.
Бухгалтэрыя: Мы ўжо рызыкнулі і па 180 тысяч рублёў ад заробку за студзень наяўнымі выплацілі… Вас гэта лічба не шакуе?
Еўрарадыё: Калі вы маеце на ўвазе мізэрны памер сумы і месяц, за які грошы выплацілі…
Бухгалтэрыя: Вось гэта я і маю на ўвазе! За студзень — 180 тысяч! Я не ведаю: калі чытаеш інтэрнэт, праглядаеш навіны, то думаеш: “Наш урад клапоціцца пра нейкіх іншых людзей, у іншых краінах нават, за сітуацыямі такімі складанымі ганяецца — Украіна, тое-сёе… Але чамусьці яны забыліся, што ёсць калгаснікі?
Цікава, а як па бухгалтэрыі праходзіць “каўбасны заробак”? Няўжо ў ведамасці так і пішуць: “Пятровіч атрымаў за люты: 1 кг варанай каўбасы, 1 кг мукі і бляшанку кількі ў таматным соусе”? А так і пішуць: “Атрымаў каўбасы на 300 тысяч рублёў”. Потым гэтыя сумы “харчовых выплат” з заробку ўтрымаюць. І так, кажуць у бухгалтэрыі, не толькі ў шараговых вяскоўцаў, але і ў супрацоўнікаў адміністрацыі і нават… у самога старшыні!
“Ва ўсіх так! Мы ні кропелькі не баімся, што нас нехта праверыць: што адміністрацыя атрымала заробак, а шараговыя супрацоўнікі — не. У нашай гаспадарцы сітуацыя такая: нават у старшыні таго ж ведамасць не закрытая”.
Кіраўнік гаспадаркі Сяргей Чапрэўскі шчыра прызнаецца: фінансавыя праблемы сапраўды ў “Жвіранцы” вялікія, заробкі затрымліваюцца, і з людзьмі разлічваюцца “натураплатай”.
“Ёсць праблемы, бо… Бо грошай няма, таму і шмат праблем! — скрозь гул трактароў у полі тлумачыць сітуацыю старшыня. — Ну і таму як і паўсюль: і натураплата, і тое, і сёе… Глядзіце: паліва падаражэла за тры гады амаль у 4 разы, а прадукцыя нашай вытворчасці як была, так і засталася на ранейшым узроўні. Мы праводзілі маніторынг і лічылі: колькі ўнеслі ўгнаенняў, колькі спалілі паліва і глядзелі, колькі каштуе камбікорм — я б лепш за патрачаныя грошы набыў камбікорм і ўсё! Кошт сельгаспрадукцыі не павышаецца ўжо, відаць, амаль 4 гады!”
І робіць выснову: “Асноўная наша праблема — гэта цэнавая палітыка аграпрамысловага комплексу”.
…Дзяжурны ў РУУС гарадскога пасёлка Шаркаўшчына гісторыі пра аплату крэдыту каўбасой не чуў. Кажа, у іх дакладна такога крэдытаплацельшчыка на “сутках” не было. Пакуль не было?
Фота: tut.by