КДБ апублікуе на сваім сайце спіс тэрарыстаў
Гэта будзе рабіцца ў адпаведнасці пастановай Саўміна №1256 ад 30 снежня 2014 года.
У Беларусі будзе складзены пералік асоб, якія ўдзельнічаюць у тэрарыстычнай дзейнасці, маюць дачыненне да распаўсюджвання зброі масавага паражэння альбо знаходзяцца пад кантролем такіх асоб. Такая мера прадугледжаная пастановай Савета Міністраў №1256 ад 30 снежня 2014 года. Як адзначае БЕЛТА, дакумент набыў моц з 4 студзеня 2015 года.
Складаць і карэктаваць згаданы пералік будзе Камітэт дзяржаўнай бяспекі. У яго могуць быць уключаныя арганізацыі, а таксама грамадзяне Беларусі, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, індывідуальныя прадпрымальнікі (незалежна ад месца іх дзяржрэгістрацыі і фактычнага знаходжання), на якіх ёсць звесткі пра іх удзел у тэрарыстычнай дзейнасці, датычнасці да распаўсюду зброі масавага паражэння альбо знаходжання пад кантролем арганізацый, фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўдзельнічаюць у тэрарыстычнай дзейнасці, якія маюць дачыненне да распаўсюду зброі масавага паражэння. Таксама ў спіс могуць быць уключаны тэрарыстычныя (экстрэмісцкія) арганізацыі, арганізацыі, фізічныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія маюць дачыненне да дзейнасці тэрарыстычнай сеткі "Аль-Каіда" і руху "Талібан".
Пералік будзе публікавацца на афіцыйным сайце КДБ. Ён можа быць зменены па рашэнні старшыні КДБ, яго намеснікаў. Рашэнні могуць прымацца, у тым ліку, на падставе звестак, атрыманых ад суб'ектаў, якiя непасрэдна ажыццяўляюць барацьбу з тэрарызмам; ад органаў пракуратуры, Следчага камітэта і судоў агульнай юрысдыкцыі Беларусі; ад кампетэнтных органаў замежных дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі; у належным парадку ад міжнародных арганізацый, замежных праваахоўных органаў і спецыяльных службаў.
Выключаць з пераліку, у прыватнасці, могуць тыя арганізацыі або фізічных асоб, у дачыненні да якіх Вярхоўны суд адмяніў рашэнне, напрыклад, аб прызнанні арганізацыі тэрарыстычнай.
Акрамя таго, КДБ павінен на працягу трох рабочых дзён з дня ўключэння ў пералік або выключэння з яго арганізацый, фізічных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама ўнясення іншых зменаў у пералік даводзіць гэтую інфармацыю да ведама дзяржорганаў, што вядуць кантроль за дзейнасцю асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, і органа фінансавага маніторынгу.
Калі арганізацыі, фізічныя асобы або індывідуальныя прадпрымальнікі не згодныя з рашэннем КДБ аб уключэнні іх у гэты пералік, яны могуць звярнуцца ў суд.
Фота — belvpo.com