КДБ завяршыў расследаванне па справе "Рабочага руху"

КДБ завяршыў расследаванне па справе "Рабочага руху"

Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы "Рабочага руху", паведамляе прэс-служба ведамства. Гэтае аб'яднанне прызнанае ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем.

Фігурантамі расследавання сталі дзесяць чалавек. Гэта работнікі шэрагу вядучых беларускіх прадпрыемстваў. Усіх іх вінавацяць у здрадзе дзяржаве і шэрагу іншых злачынстваў.

Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка і Андрэй Пагерыла абвінавачаныя паводле арт. 188 (паклёп), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) КК.

Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінец, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька — паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч.3 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) КК.

Аляксандр Капшуль — паводле ч. 2 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі), ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 3 арт. 361−1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) КК.

Самае вялікае пакаранне — да 15 гадоў пазбаўлення волі — пагражае па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве. 

У КДБ заяўляюць, быццам абвінавачаныя займаліся зборам і перадачай службовай інфармацыі абмежаванага характару замежным дзяржавам, "у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы". Інфармацыя датычыла таго, якім чынам беларускія прадпрыемствы спрабуюць абыходзіць міжнародныя санкцыі. 

Па звестках КДБ, асобныя ўдзельнікі "Рабочага руху" планавалі варыянты блакавання вытворчай дзейнасці заводаў "Гродна Азот" і "БМЗ".

Справа накіраваная ў пракуратуру для далейшай перадачы ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі