КДК пра "справу Фядыніча": На замежныя рахункі прыходзілі сотні тысяч долараў

КДК пра "справу Фядыніча": На замежныя рахункі прыходзілі сотні тысяч долараў

Камітэт дзяржкантролю абнародаваў афіцыйны рэліз наконт сённяшніх ператрусаў у офісах незалежных прафсаюзаў. Як паведамляла Еўрарадыё, ператрусы адбыліся ў офісе прафсаюза РЭП у Мінску і Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Салігорску. На кіраўніка РЭП Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара Аляксея Комліка пачалі крымінальную справу. 

"Падчас праверкі выяўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША). 

Пры гэтым службовыя асобы прафсаюза парушылі патрабаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой. 

Такім чынам яны спрабавалі схаваць факты атрымання за межамі нашай краіны даходаў і ўхіліцца ад выплаты падаткаў з гэтых даходаў. Атрыманыя грошы пераводзіліся ў наяўныя і перавозіліся ў рэспубліку, для чаго гэтыя службовыя асобы рэгулярна выязджалі за межы краіны", — гаворыцца ў паведамленні КДК.

Таму Дзяржкантроль пачаў крымінальныя справы на кіраўніка прафсаюза і галоўнага бухгалтара па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. 

Паведамляецца, што пытанне аб затрыманні вінаватых асоб вырашаецца.

"У цяперашні час дадзены прафсаюз працягвае дзейнічаць, яго працу не паралізоўвалі", — дадаюць у КДК.

Нагадаем, што паводле аналагічнага абвінавачання судзілі ў 2011 годзе праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Рахункі незаконна зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" знаходзіліся ў літоўскіх банках. Звесткі пра іх перадалі ў Беларусь літоўскія чыноўнікі. Потым яны заявілі, што гэта адбылося памылкова. Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады, выпушчаны паводле амністыі ў чэрвені 2014 года. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі