Хацеў сям'ю, але галоўным было скончыць вайну — дзяўчына загінулага беларуса

Міхаіл Шавельскі / фота, прадастаўленае яго дзяўчынай
Міхаіл Шавельскі / фота, прадастаўленае яго дзяўчынай

Міхаіл Шавельскі — загінулы беларускі добраахвотнік ва Украіне. Хлопцу быў усяго 21 год. Ён марыў аб спакойным сямейным жыцці, але не мог абыякава назіраць за нападам Расіі на Украіну.

Таму Міхаіл стаў парамедыкам у батальёне "Тэрор". 10 кастрычніка падчас бою хлопец прабіраўся на дапамогу параненаму таварышу, атрымаў асколак танкавага снарада і загінуў на месцы.

Еўрарадыё паразмаўляла з дзяўчынай байца і даведалася, чаму ён паехаў ва Украіну і як марыў будаваць жыццё пасля вайны, зноў убачыць маму і родны Гродна.
 

Не хочацца казаць "быў"

— Міша хацеў распісацца наступным разам, калі павінен быў прыехаць, — распавядае Валерыя Хусанава. Яна з украінскага горада Вінніца.

Хотел семью, но главным было закончить войну — девушка погибшего белоруса
Міхаіл і Валерыя / фота, прадастаўленае Валерыяй

Пара пазнаёмілася ў інтэрнэце вясной. У сакавіку Міхаіл адправіўся добраахвотнікам ваяваць за Украіну.

— Я на той момант паехала з-за вайны ў Польшчу, а ён наадварот — прыехаў ва Украіну з Польшчы. Доўга размаўлялі, пакуль я была там. Прыехаўшы ва Украіну, ён літаральна праз тыдзень адправіўся да мяне ў горад. Пазнаёміў мяне са сваёй мамай у інтэрнэце і пазнаёміўся асабіста з маёй.

Ён быў... наогул не хочацца выкарыстоўваць слова "быў". Для мяне ён быў і застаецца быць. Міша смелы, з вельмі актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Ён выходзіў на пратэсты і ў Беларусі ў 2020 годзе, за што яго адлічылі з універсітэта. І ён быў вымушаны з'ехаць у Польшчу. З неверагоднай верай унутры сябе — думаю, такіх людзей вельмі мала. Ён шчыра быў веруючым чалавекам, і гэта адчувалася, цеплыня і дабрыня сыходзілі ад яго. Вельмі ўсмешлівы, рэдка яго можна было застаць у дрэнным настроі. Заўсёды быў гатовы дапамагчы іншым. Гэта яго і прывяло ва Украіну.
 

“Верыў, што вернецца ў Беларусь і пакажа мне свой горад”

Міхаіл казаў, што па-іншаму проста не можа.

— Ён ні разу не пашкадаваў, што выбраў гэты шлях. Яму падабалася, хоць пасля знаёмства са мной ён ужо не так рваўся ў бой, як раней. Хацеў проста спакойна служыць і каб яго хутчэй адпусцілі да мяне. З-за гэтага ён і стаў медыкам. Думаў, што так будзе больш бяспечна.

Да вайны ён жыў у Польшчы і вучыўся ў тэалагічнай акадэміі, хацеў звязаць сваё жыццё з гэтым кірункам. З прыходам вайны ён ужо не хацеў вучыцца на тэалогіі, казаў, што лепш пойдзе на псіхіятра, але пакуль асноўным было скончыць вайну. Хацеў хутчэй ажаніцца, завесці сям'ю, казаў, маўляў, адчувае, што ўжо гатовы да гэтага. Вельмі хацеў пабачыцца з мамай і чакаў такой магчымасці. І па-ранейшаму спадзяваўся і верыў, што рана ці позна вернецца ў родную Беларусь і пакажа мне свой горад, — кажа Валерыя.

Хотел семью, но главным было закончить войну — девушка погибшего белоруса
Міхаіл Шавельскі ў 2020 годзе / facebook.com/mikhail.shavelski

“Веру, што смерць ужо пераможана”

Адпраўляючыся на вайну, Міхаіл падрыхтаваў прамову для Берлінскага кафедральнага сабору. У ёй ён патлумачыў свае матывы.

Я хацеў бы пачаць з цытаты з шаснаццатага артыкулы Аўгсбургскага веравызнання: "Таму хрысціяне ў сілу неабходнасці абавязаны падпарадкоўвацца сваім урадам і законам, калі толькі яны не загадваюць ім грашыць; бо тады яны павінны слухацца Бога больш, чым людзей"...

…На сім стаю. Я не магу інакш. Божа, дапамажы мне. Амэн. Я казаў сабе гэта зноў і зноў падчас допытаў [у беларускім КДБ у 2020 годзе. — Еўрарадыё], якія доўжыліся амаль цэлы дзень…

Тады Міхаіл спадзяваўся і верыў, што зможа вярнуцца на радзіму і ў царкву.

Але сёння гэтая вера пахаваная пад руінамі мірных украінскіх дамоў. І надзея раздушаная ў гразі пад цяжарам расійскіх танкаў. Я не ведаю, як вярнуцца ў краіну, якая стала пратэктаратам Расіі. Я не ведаю, як глядзець у вочы украінскім братам, і прыношу свае прабачэнні за тое, што не змог скінуць Лукашэнку ў 2020 годзе. Я не ведаю. Але я ўсё роўна гэта раблю. Я ўсё яшчэ веру ў Ісуса Хрыста. Я веру, што смерць ужо пераможана…

…працытую Дзітрыха Банхёфера і думаю, што ўсе зразумеюць, што я ўласна хацеў сказаць:

“Тваё "так" Богу патрабуе твайго "не" ўсякай несправядлівасці, усякаму злу, усякай хлусні, усякаму прыгнёту і абразе слабых і бедных, усёй бязбожнасці і кпінам над святым. Тваё "так" Богу патрабуе адважнага "не" ўсяму, што калі-небудзь будзе табе перашкаджаць служыць Богу аднаму, няхай гэта будзе твая праца, твая маёмасць, твой дом, твой гонар перад светам. Вера азначае рашэнне", — так скончыў сваю прамову Міхаіл.

Міхаіла Шавельскага пахавалі ва ўкраінскай Вінніцы, на Алеі Славы Сабараўскіх могілак.

Таксама адкрыты збор на ўстаноўку помніка Міхаілу. Падтрымаць яго можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі