Сказаць маці пра смерць сына. Інтэрв'ю з сябрам загінулага добраахвотніка

"Калі пачаўся абстрэл, Дзіма аддаў загад байцам адысці ў сховішча. Сам адышоў апошні. Асколак прыляцеў у лапатку"/ фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"
"Калі пачаўся абстрэл, Дзіма аддаў загад байцам адысці ў сховішча. Сам адышоў апошні. Асколак прыляцеў у лапатку"/ фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"

Сёння Дзмітрый Апанасовіч, якога беларускія добраахвотнікі ведаюць пад пазыўным "Тэрор", мог святкаваць дзень нараджэння. Ён загінуў у першыя месяцы вайны ва Украіне ў баях пад Ірпенем.

Камандзірам Дзмітрыя быў беларускі добраахвотнік Павел "Волат". Павел загінуў у траўні на поўдні Украіны. Маці Паўла, Наталля — журналістка. Да дня нараджэння пабраціма свайго загінулага сына яна ўзяла інтэрв'ю ў найлепшага сябра Волата і Тэрора, каліноўца Паўла "Борта". Гэтае інтэрв'ю Наталля даслала нам у рэдакцыю.

"Сказать матери о смерти сына" Интервью с другом погибшего добровольца
Дзмітрый Тэрор і Павел Борт / фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор", t.me/terrorbel

Борт быў побач з загінулым Дзімам у яго апошнім баі ў Ірпені ў сакавіку 2022 года. Менавіта Паўлу давялося сказаць маці свайго сябра, што яе сына больш няма. Мама Дзмітрыя не ведала, што яе Дзіма стаў Тэрорам, не ведала, што ён ваюе ва Украіне.

 

"Кіеў бамбілі, нам абвясцілі, што пачалася вайна"

Першы дзень поўнамаштабнай вайны, 24 лютага, заспеў Дзіму ў Латвіі, а Пашу ў Польшчы. Абодва працавалі ў сферы грузаперавозак. Пазнаёміліся ў Беларусі — у жніўні. Пасля смерці Рамана Бандарэнкі палічылі для сябе немагчымым мірны пратэст, трапілі ў поле зроку ГУБАЗіК, выехалі з краіны. Незадоўга да вайны Дзмітрый Тэрор апошні раз прыедзе ў Беларусь.

— Тады, 24 лютага, мяне пабудзіў сусед-украінец: "Паша, вайна!" — успамінае Павел.

Першы, каму ён патэлефанаваў, быў Дзіма. Дыялог быў нядоўгі:

— Што будзем рабіць?

— Паехалі.

Сустрэліся ў Варшаве. Звязаліся з Паўлам "Вілі" Кухтам, беларускім добраахвотнікам, які раней ваяваў на ўсходзе Украіны, які цяпер узначальвае Мабілізацыйны цэнтр. Пазнаёміліся з беларусамі, якія, як і Дзмітрый і Павел, адпраўляліся ваяваць ва Украіну. З экіпіроўкай дапамог Аляксандр Азараў з фонду BYPOL.

— А далей усё проста. Загрузіліся ў пікап — і па маршруце: Варшава — Львоў — Кіеў. Пункт прызначэння — беларуская рота.

Дзмітрыя і Паўла, якія мелі вайсковую падрыхтоўку, залічылі ва ўзвод да дыверсанта-разведчыка з велізарным баявым досведам Паўла Волата — беларуса, які ваяваў ва Украіне з 2016 года. Пачалася ўзмоцненая падрыхтоўка. Расійскія войскі рухаліся да Кіева.

"Сказать матери о смерти сына" Интервью с другом погибшего добровольца
Разбураны мост у Ірпені / фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"

— Пра тое, што Расія пачне вялікую вайну, Дзіма сказаў мне за некалькі месяцаў да 24 лютага, — заўважае Павел. — Ён уважліва сачыў за навінамі пра перамяшчэнні і манеўры часцей войска РФ. Як цяпер памятаю яго словы: "Якія вучэнні? Гэта абсалютна відавочная падрыхтоўка да ўварвання! Калі пачнецца вайна — ваяваць давядзецца і нам".

 

"У Ірпені мы трапілі ў пекла"

— Пад першы абстрэл мы з Дзімам трапілі ў Ірпені. Мы рушылі туды на баявую задачу па гарантаванні бяспекі мінамётнага разліку. Потым — на ўзмацненне ўчастка фронту ў раёне вайсковага шпіталя. І па нас пачала працаваць арта, — у памяці Паўла засталася літаральна кожная дэталь баёў пад Кіевам. Хутчэй за ўсё — назаўсёды.

Першы бой Дзмітрый Тэрор і Павел Борт прынялі ў комплексе "Адмірал".

— Мы з Дзімам былі максімальна зараджаныя, але баявога досведу ні ў нас, ні ў іншых пацаноў яшчэ не было, — успамінае Павел. — Побач з намі апынуліся хлопцы з украінскіх дабрабатаў, якія ў 2014 годзе пайшлі з Майдана на фронт.

Ніколі не забуду, як хлопцы з батальёна "Айдар", многія ўжо з раненнямі, пакідалі сховішчы і з гранатамётамі ў руках уступалі ў адкрыты бой з салдатамі расійскага войска.

Нягледзячы на шчыльны мінамётны абстрэл з боку агрэсара, аддзяленню з дванаццаці беларусаў удалося ўзяць пад кантроль дарогу і замацавацца ў жылых будынках.

"Сказать матери о смерти сына" Интервью с другом погибшего добровольца
Ірпень / фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"

— А потым усё злілося ў адзін дзень, — расказвае Павел. — Бесперапынныя абстрэлы, пастаянныя спробы расіян атакаваць нашы пазіцыі: толькі 22 сакавіка такіх спроб было пяць. Першыя некалькі сутак мы фактычна не спалі. Потым прыстасаваліся, сталі змяняцца: днём — баявыя задачы, ноччу — дзяжурства.

Што елі? Вялікі дзякуй жыхарам Ірпеня. Яны рабілі запасы прадуктаў, разлічваючы, што давядзецца адседжвацца ў падвалах, у сховішчах, а пры тэрміновай эвакуацыі пакінулі ўсё нам.

 

"Беларус — 300. Цяжкі"

Рацыі, якія былі ў хлопцаў у Ірпені, патрабавалі падзарадкі. З гэтым дапамагалі сумежнікі — украінскія добраахвотнікі з батальёна "Карпатська Січ".

— 25 сакавіка я пайшоў да іх на пазіцыю мяняць радзейку. Дзіма выйшаў мяне прыкрыць, — расказвае Павел. Калі ён ужо вяртаўся, з рацыі данеслася: "Беларус — 300".

Пазіцыі беларускіх добраахвотнікаў накрывала артылерыя з мінамётамі, па іх працаваў танк, бэха-тройка [БМП. — Еўрарадыё].

— Першае, што я ўбачыў, прабіўшыся да сваіх, — шмат крыві, — кажа Павел. — Адколаты кавалак даху, галінкі, трэскі... Забягаю ў будынак: "Хто трохсоты?" Убачыў Дзіму, які ляжаў. Вельмі бледнага і вельмі спакойнага.

Калі пачаўся абстрэл, Дзіма, на той момант ужо камандзір аддзялення, аддаў загад байцам адысці ў сховішча. Сам адышоў апошні. Асколак прыляцеў у лапатку, у невялікую прастору, неабароненую бронекамізэлькай.

"Сказать матери о смерти сына" Интервью с другом погибшего добровольца
Апошняе фота Дзмітрыя Тэрора. Праз 20 хвілін пасля таго, як было зроблена гэтае фота і гэты надпіс, ён атрымае смяротнае раненне / фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"

— Хлопцы зрабілі ўсё, што змаглі, — расказвае Павел. — Са сховішча імгненна выскачыў Чэх і зацягнуў Дзіму ў будынак. Фрэдзі — парамедык ад бога — заклеіў рану, праткнуў кампрэсійнай іголкай лёгкае. Дыханне аднавілася і выраўнавалася.

Калі Дзіму Тэрора пагрузілі ў машыну айдараўцаў і адправіліся ў пункт эвакуацыі, Паша амаль паверыў, што з сябрам усё будзе добра. Праўда, па дарозе па машыне стралялі з РПГ, але прамахнуліся.

 

"За дзень да задачы я казаў Дзіму: патэлефануй дадому!"

— 27 сакавіка мы ехалі ў морг. Па Дзіму, — успамінае Павел. — Памятаю словы Волата: "Пакуль ты не ўбачыў яго мёртвым, не кажы, што ён двухсоты".

Тады пад абстрэламі Дзіму Тэрора ўсё ж давезлі да шпіталя. На працягу сутак лекары "качалі" [спрабавалі выратаваць. — Еўрарадыё] яго. Але цуду не адбылося. Пашкоджанні ўнутраных органаў сталіся несумяшчальнымі з жыццём. А 25 сакавіка беларускага добраахвотніка Дзмітрыя Апанасовіча з пазыўным "Тэрор" не стала.

— Цяпер мне здаецца, што напярэдадні баёў у Ірпені я нешта прадчуваў, — прызнаецца Павел. — Угаворваў Дзіму звязацца з роднымі. Але ён так і не наважыўся. Сказаў, што потым. Дзмітрый вельмі бярог сваіх родных. Пра прынятае рашэнне адправіцца абараняць Украіну ён не паведаміў ні бацькам, ні сястры.

Гэта давялося ўзяць на сябе яго найлепшаму сябру Паўлу. Дзімава мама плакала і не верыла.

— Адным з самых сур'ёзных Дзімавых захапленняў была скандынаўская культура: гісторыя, вераванні старажытных вікінгаў, сагі пра эпічныя бітвы. Тэрор і адышоў як сапраўдны вікінг: на полі бою, са зброяй у руках. У Вальхалу.

"Сказать матери о смерти сына" Интервью с другом погибшего добровольца
Фасад дома ў Ірпені, дзе беларусы трымалі абарону, ужо адрэстаўравалі / фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"

"Глядзі, як трэба жыць: атрымліваць задавальненне ад кожнага новага дня"

— Пра што марыў Дзіма? — Павел на хвіліну задумваецца. — Няхай гэта не падасца пафасным, але яго самай вялікай марай была еўрапейская Беларусь.

У сілу сваёй прафесіі дальнабойшчыка Дзмітрый аб'ехаў усю Еўропу. Кожны раз, калі гэта ўдавалася, ён гуляў па вуліцах знакамітых сталіц, наведваў гістарычныя месцы. Асабліва яго замілоўвалі старэнькія турысты. "Глядзі, як трэба жыць: атрымліваць задавальненне ад кожнага новага дня!" — казаў Дзіма, ківаючы на пажылую пару, якая падарожнічала па Еўропе ў сваім доме-фургоне.

— Гэтым летам мы цэлай кампаніяй на некалькіх легкавых машынах таксама планавалі адправіцца ў сваё еўрапейскае турнэ, — расказвае Павел. — Падыхаць паветрам свабоды, адпачыць на марскім узбярэжжы дзе-небудзь у Іспаніі.

"Сказать матери о смерти сына" Интервью с другом погибшего добровольца
Павел — найлепшы сябар Дзмітрыя Тэрора / фота з архіва байцоў батальёна "Тэрор"

Але гэтае лета для Дзімы Тэрора ўжо не наступіць. А яго сябар Паша Борт каторы раз заскоквае не ў элегантны седан, а ў франтавы пікап, які накіруецца не на міжземнаморскі пляж, а туды, дзе нашмат гарачэй. Падраздзяленне, у складзе якога ваюе Павел Борт, носіць гордае і грознае імя "Тэрор" — у гонар Дзмітрыя Апанасовіча.

Рэдакцыя дзякуе Наталлі "Волат" за падрыхтоўку гэтага матэрыялу

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі