Кіеў патрабуе ад Масквы тэрмінова забяспечыць гуманітарны калідор з "Азоўсталі"
Камбінат "Азоўсталь" / Reuters
Кіеў патрабуе ад расійскага боку забяспечыць гуманітарны калідор, каб вывезці з марыупальскага камбіната "Азоўсталь" цывільных і параненых вайскоўцаў. Пра гэта заявіла віцэ-прэм'ер урада Украіны Ірына Верашчук.
Камбінат "Азоўсталь" у Марыупалі заблакавалі расійскія войскі. Унутры знаходзяцца ўкраінскія байцы, якія працягваюць супраціў. Разам з імі на тэрыторыі камбіната застаецца каля 1000 цывільных і парадку 500 параненых вайскоўцаў.
"Іх усіх трэба выцягнуць з Азоўсталі сёння", — напісала Верашчук.
Яна звярнулася да сусветных лідараў і да прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці з просьбай пра дапамогу. На яе думку, усе намаганні цяпер мусяць сканцэнтравацца на "Азоўсталі".
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу раней у чацвер паведаміў прэзідэнту Уладзіміру Пуціну, што "Марыупаль вызвалены". Супраціў захоўваецца толькі на "Азоўсталі". У адказ на гэта Пуцін загадаў адмяніць штурм камбіната, сказаў, што гэта "немэтазгодна" і правільней будзе "захаваць жыцці расійскім вайскоўцам". Аднак пры гэтым Пуцін распарадзіўся заблакаваць тэрыторыю, якую кантралююць у Марыупалі ўкраінскія байцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.