Кіраўнік ДДБ Літвы абвінаваціў улады Беларусі ў выкраданні літоўскіх грамадзян

Дарус Яўнішкіс 

Дарус Яўнішкіс  / Pauliaus Peleckio / BNS

Дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс абвінаваціў беларускія ўлады ў выкраданні літоўскіх грамадзян. Так ён пракаментаваў у інтэрв'ю літоўскім СМІ прысуд Алене Раманаўскене. Яна працавала ў аддзеле маркетынгу санаторыя "Беларусь". Месяц таму беларускі суд асудзіў яе на 6 гадоў калоніі. Яе абвінавацілі ў агентурнай дзейнасці.

"Вядома, што яе асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі за разведвальную дзейнасць. На нашу думку, гэта поўная лухта. Гэта вельмі няправільна", — сказаў Яўнішкіс. Яго словы прыводзіць Reformby.org. Кіраўнік ДДБ Літвы заклікаў грамадзян краіны ўстрымацца ад паездак у Беларусь. Ён таксама пракаментаваў тэму так званага літвінізму. На думку Яўнішкіса, гэта інструмент спецслужбаў.  

"Гэта інструмент беларускага КДБ для павышэння напружанасці паміж літоўскай і беларускай супольнасцямі, эскалацыі канфлікту. Вядома, гэта не значыць, што ніхто з беларускай дыяспары ў гэта не верыць. Некаторыя свята вераць, іншым кажуць верыць у гэта і правакаваць", — дадаў ён у адказ на ўдакладняльнае пытанне. Дырэктар ДДБ таксама заявіў, што выступаць за поўнае закрыццё мяжы бессэнсоўна, бо Літва знаходзіцца ў Шэнгенскай зоне. Грамадзяне Беларусі пры жаданні змогуць прыехаць праз іншыя краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі