Кіраўнік ГУБАЗіК Карпянкоў: "Гэта вы фашысты, а не мы — фашысты"
Мікалай Карпянкоў
"Гэта вы фашысты, а не мы — фашысты. Па-сапраўднаму сілу мы яшчэ ні да каго не ўжывалі", — заявіў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў. У выпадку супраціву супрацоўнікам унутраных спраў або нападу на іх, дадаў ён, сілавікі будуць вымушаныя ўжыць агнястрэльную зброю.
— Засталася найбольш радыкальная, кансалідаваная частка. Пасля мяккага пранікнення ў двары, чаявання, абмеркавання, развешвання сцягоў яны ўбачылі, хто здольны на ўчынак, кансалідаваліся, падсілкавалі, як заўсёды, грашовымі сродкамі, дзесьці наркотыкамі, дзесьці алкаголем.
І яны ўжо выходзяць на мітынгі ўзброеныя. Нажы, заточкі, падрыхтаваныя металічныя пруты і дубінкі, і флагштокі, такія металічныя трубы, якімі, як шастом металічным, калі па галаве, то і забіць можна. І добра сфармаваныя каманды баевічкоў, — так апісаў беларускіх пратэстоўцаў Карпянкоў.
Па словах кіраўніка ГУБАЗіК, была таксама нейкая група "бандытаў", якія незаконна прывезлі ў Беларусь моцнадзейныя атрутныя рэчывы. Іх яны спрабавалі выкарыстаць супраць АМАПу і супраць унутраных войскаў.
— Цяпер на вуліцы засталіся толькі тыя, хто па-добраму ніколі не зразумее. Гэта вулічныя бандыты, якія цяпер перафарбаваліся і хочуць на сацыяльных ліфтах з бандытаў, раней судзімых людзей, падняцца і стаць або палявымі камандзірамі, або дэпутатамі, якімі абяцае Ціханаўская шчодра ўсіх надзяліць. Яны хочуць зарабіць грошы, — лічыць Карпянкоў.
Мікалай Карпянкоў падкрэсліў, што ў выпадку актыўнага супраціву да пратэстоўцаў "гуманна" прыменяць зброю, у тым ліку і агнястрэльную.
— Самых небяспечных востракапытных мы з вуліц прыбярэм. Ні за кім з простых людзей ніхто не бегае. Вядзецца назіранне, ідэнтыфікацыя асоб. Многія асобы ўжо праявілі сябе на барыкадах 9 чысла, — растлумачыў ён.
Палкоўніка Мікалая Карпенкова не раз заўважалі падчас мітынгаў у Мінску. Напрыклад, 23 верасня байцы ГУБАЗіК разам з Карпенковым разганялі пратэстоўцаў у раёне Нямігі. Тады мужчыны ў чорных масках білі дубінкамі аўтамабілі і жорстка затрымлівалі людзей.
Да гэтага Карпянкоў праславіўся тым, што асабіста разбіў першую (і пакуль адзіную) вітрыну за ўвесь час пратэстаў. Ён выбіў шкляныя дзверы ў кавярні "O'Petit", куды забеглі пратэстоўцы, каб схавацца ад хапуна. У Міністэрстве ўнутраных спраў гэта патлумачылі тым, што супрацоўнікі міліцыі пераследавалі парушальнікаў парадку.
Дарэчы, пра гатоўнасць прымяніць баявую зброю і спэцсродкі супраць пратэстуючых раней ужо заявіў першы намеснік міністра ўнутраных спраў краіны Генадзь Казакевіч. Ён лічыць, што пратэсты сталі арганізаванымі і вельмі радыкальнымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.