Кіраўнік мінскага бара, каля якога гучала песня “Акіяна Эльзы”, атрымаў 30 сутак
Андрэя Жука, кіраўніка мінскага бара "Банкі-бутэлькі", пакаралі 30 суткамі адміністрацыйнага арышту. Яго судзілі за "непадпарадкаванне" і, верагодна, "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў", піша "Наша ніва".
Таксама ў пятніцу ў судзе Цэнтральнага раёна разгледзелі адміністрацыйную справу яшчэ аднаго супрацоўніка бара. Хлопец атрымаў 14 сутак арышту, ён зараз на Акрэсціна.
Увечары 3 жніўня на тэрасе бара “Банкі-бутэлькі” на Зыбіцкай вуліцы падчас вулічнага канцэрта спявачка Мэрыем Герасіменка выканала песню ўкраінскага гурта “Акіян Эльзы” “Обіймі”. Відэа з'явілася ў інтэрнэце. Гэта абурыла прапагандыстаў. Неўзабаве ў бар "завіталі ўсе магчымыя службы", сілавікі правялі затрыманні.
Па некаторых звестках, спявачку адпусцілі да суда, які мусіць прайсці ў панядзелак. Праўладныя тг-каналы напісалі, што Герасіменка "была даўно на кантролі сілавікоў, якія адсочвалі рух яе грашовых сродкаў" і нібыта зафіксавалі данат на Bayraktar для Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.