Кіраўнік МЗС Макей апрануў замежных дыпламатаў у “вышымайкі”
Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей прыняў удзел у акцыі “Дзень беларускай вышыванкі”, якая прайшла ў Мінску 25 чэрвеня. На гэтую імпрэзу ён запрасіў кіраўнікоў акрэдытаваных у Беларусі дыпламатычных місіяў і чальцоў іх сем’яў. Для гасцей свята выступілі беларускія фольк-гурты Pawa і Guda.
Як і большая частка гасцей, Макей быў не ў традыцыйнай беларускай вышыванай кашулі, а ў стылізаванай “вышымайцы” сучаснага пакрою, упрыгожанай арнаментам з беларускімі матывамі.
Кіраўнік МЗС заявіў, што гэтая сустрэча — унёсак у развіццё беларускай ідэнтычнасці і дзяржавы.
Макей таксама падкрэсліў, што нацыянальныя арнаменты “яднаюць беларусаў з іншымі славянскімі народамі” і выказаў спадзеў, што традыцыя “дня вышыванкі” будзе развівацца, перадае прэс-служба МЗС.