Кіраўнік суполкі "Гэта Мінск, дзетка!" кажа, што яго спрабавалі вербаваць

Кіраўнік суполкі "Гэта Мінск, дзетка!" кажа, што яго спрабавалі вербаваць

Блогера і кіраўніка суполкі "Гэта Мінск, дзетка" (82 тысячы падпісчыкаў) у сацсетцы "Вконтакте" спрабавалі завербаваць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Пра гэта Яўген Малахоўскі сам расказаў "Нашай Ніве". 

Суполка, якую мадэруе Малахоўскі, публікуе навіны і прыколы пра Мінск, таксама там абмяркоўваюцца палітычныя тэмы і часам вельмі жорстка. 

13 студзеня, па словах Малахоўскага, яму затэлефанавалі і без позвы выклікалі ў ГУБАЗіК. Хлопцу паведамілі, што гэта ў яго ж інтарэсах "у сувязі з сур'ёзнасцю справы".

У прызначаны кабінет Малахоўскі прыйшоў без тэлефона, каб не здаваць яго на ўаходзе. У кабінеце былі чатыры чалавекі. "Тры з міліцыі, як я зразумеў, а яшчэ адзін, па-мойму, супрацоўнік іншага ведамства, які паводзіў сябе як гаспадар, а падчас размовы прапаноўваў мне супрацоўнічаць і пачаць з таго, каб назваць імёны іншых адміністратараў суполкі і расказаць, якіх поглядаў яны прытрымліваюцца, якія мэты ставяць", — кажа адміністратар суполкі. 

Калі Малахоўскі адмовіўся ад супрацы, на яго сталі ціснуць. "Адзін з іх сказаў мне, што насамрэч мяне выклікалі, каб "адмазаць", бо "вышэй ужо пачаўся рух". І, маўляў, ёсць верагоднасць завядзення справы за распальванне варажнечы за некаторыя допісы ў пабліку, таму трэба паспрабаваць "дамовіцца". Я адмовіўся ад усялякай супрацы, у выніку гэта скончылася дачай тлумачэнняў і падпіскай паперы, што я папярэджаны аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях і распальвання міжнацыянальнай варажнечы", — падзяліўся ён падрабязнасцямі размовы. 

Пры гэтым адзін суразмоўца, падобны да супрацоўніка спецслужбы, дадаў, што яны адкрытыя для супрацоўніцтва. 

Сам блогер лічыць, што гэты выклік звязаны з набліжэннем прэзідэнцкай кампаніі. 

Пазней прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава сказала nn.by, што Малахоўскага "выклікалі ў ГУБАЗіК выключна па заяве, што паступіла ад грамадзяніна", які прасіў міліцыю даць кваліфікацыю некаторым публікацыям у суполцы. Блогера азнаёмілі з гэтай заявай. "Сваё тлумачэнне ён там пакідаў выключна па гэтай заяве, і супрацоўнікі, якія з ім гаварылі, не нейкіх іншых ведамстваў, а таго ведамства, куды яго запрасілі, — кажа Чамаданава. — Што далей ён выдумляе — гэта яго перакананні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі