Класкоўскі: Ніхто не зможа гарантаваць бяспеку без тэхнічных сродкаў

120801 Klaskouski_site.mp3

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце гэты “адказ Чэмбэрлену”, маю на ўвазе адстаўкі старшыні дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл Дзмітрыя Пахмелкіна за неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь?

Класкоўскі: Паколькі шыла ў мяшку схаваць не ўдалося – нечыя галовы мусілі паляцець. На мінулым тыдні афіцыйны кіраўнік (ён жа і галоўнакамандуючы) паабяцаў, што зробіць арганізацыйныя высновы, і, як мы бачым, двух генералаў скіравалі ў адстаўку. З аднаго боку, яны так ці інакш датычныя да гэтага сюжэту. З іншага боку ўзнікае пытанне, ці галоўныя гэта вінаватыя, і ўвогуле, у гэтай гісторыі застаецца вельмі шмат пытанняў.

Напрыклад, засеклі ці не засеклі той шведскі самалёт? Генералы казалі, што нічога не было такога зафіксавана, а на гэтай вось нарадзе 26-га ліпеня Лукашэнка папракаў такім чынам, што маўляў, вы ж бачылі, вы заўважылі, але вось нерашуча дзейнічалі, каго шкадавалі… Дык бачылі ці не бачылі? Калі зафіксавалі – то, выходзіць, што тры тыдні хлусілі нахабна. Калі не зафіксавалі, то трэба зрабіць выснову, што цяпер галоўны кіраўнік стараецца хоць часткова ўратаваць гонар мундзіру супрацьпаветранай абароны. Напэўна, найперш перад Масквой. Маскву ўвесь час трэслі, “даілі” так бы мовіць, казалі, што трэба на абарону даваць болей грошай, у нас тут такі магутны шчыт супраць НАТА… А шчыт аказаўся дзіравым.

Апошняе пытанне, галоўнае – ці зацыруюць гэтую сістэму супрацьпаветранай абароны? Бо выходзіць, што столькі гадоў гучалі барабанныя лозунгі кшталту “Красная Армия всех сильней”, а высветлілася, што зусім не так, і што нейкія шведы-дылетанты на лёгкім самалёціку могуць пакінуць з носам гэтых генералаў.

Еўрарадыё: Хто можа замяніць звольненых і ці ёсць патэнцыял у сістэмы, каб выправіць гэтую сітуацыю?

Класкоўскі: Як вядома, то святое месца пустым не бывае. Хоць наконт святасці – тут вялікія пытанні, бо папярэдні генерал, які ўзначальваў СПА, за карупцыю трапіў у турму. Тут, хутчэй, можна казаць пра такую “расстрэльную” пасаду ў фігуральным сэнсе. Гэта выпадак, калі ў кожным жарце ёсць доля жарту, бо каго ні пастаў – ён не зможа гарантаваць бяспеку, калі няма адпаведных тэхнічных сродкаў. А цяпер у гэтыя тры тыдні было нямала каментарыяў, калі спецыялісты казалі, што фактычна беларуская СПА не заточаная пад нізка лятаючыя цэлі. Калі па чарзе Захад бамбаваў дыктатараў: і Садама Хусэйна, і Кадафі, і Мілошавіча раней – тут столькі было ідэалагічных усялякіх істэрык… А замест гэтага трэба было сапраўды прааналізаваць, што цяпер самая небяспечная зброя – гэта крылатыя ракеты, беспілотнікі, тое што нізка лётае.

Можна было б нейкія тэхнічныя захады ўжыць. Гэта трэба было рабіць 5 ці 10 гадоў таму. Напрошваецца такая выснова, што найперш гэта пралікі галоўных стратэгаў, тых хто на самым версе. Таму што гэта за адзін дзень не вырашаецца. І грошы патрэбныя, і – галоўнае – патрэбнае бачанне. Я чуў такія кулуарныя размовы беларускіх СПА-шнікаў, што ў нас засілле танкістаў на кіроўных пасадах у сілавых структурах – яны проста не разумеюць пэўных рэчаў… Трэба было даўно рабіць, бо рана ці позна нешта такое павінна было здарыцца. Таму, такое пытанне, ці будуць зробленыя высновы ў тэхнічным плане. Ці будзе аснашчаная гэтая абаронная галіна, гэты кірунак адпаведнай тэхнікай? Тым болей, ёсць распрацоўкі беларускіх навукоўцаў, не надта дарагія. Але як заўжды, як бачыце, шавец без ботаў аказваецца. За гэтыя пралікі хто адкажа, і ці будуць зробленыя высновы – вось гэта пытанне.

Еўрарадыё: Пасля выбуху ў метро, калі было 15 ахвяраў, ніводзін з генералаў не быў звольнены з пасадаў. Тут пасля простай хуліганскай піяр-акцыі лятуць галовы. Што вы можаце сказаць пра гэта?

Класкоўскі: Пры ўсім пры тым, што ў метро была жахлівая трагедыя, але, умоўна кажучы, гэта была ўнутраная з’ява. А што тычыцца супрацьпаветранай абароны – яна ж у нас супольная з Расіяй. Доўгі час беларускі бок круціўся, адбіваўся, 12 гадоў эпапея цягнулася, але ў лютым Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА. Іншае пытанне, насамрэч яна створаная, ці на паперы. Выглядае, што ў значнай ступені на паперы, і тут ёсць такая праблема, што беларускае кіраўніцтва не надта хоча, каб маскоўскія генералы тут шмат камандавалі. Любы кіраўнік дзяржавы, тым больш аўтарытарны кіраўнік, які не любіць дзяліцца ўладай у любой сферы, ён адразу натапырваецца, калі тут будуць каманды аддаваць нейкія іншыя людзі з іншай краіны. Цяпер Масква атрымлівае добрую нагоду, каб прэсінгаваць і казаць, што няма чаго вам адкручвацца, давайце, хай наш генерал камандуе гэтай адзінай сістэмай. Таму, я думаю, што калі Мядзведзеў у Мінск прылятаў, напэўна за кулісамі былі непрыемныя размовы, і гэты прэсінг з боку Крамля будзе працягвацца. І менавіта таму тут хочаш не хочаш, а трэба было рабіць нейкія высновы, паказаць, што ўсё ж такі мы тут рэагуем на гэту нядбайнасць, і, бачыце, робім высновы самі, разбіраемся без вас, не чакаем, пакуль Крэмль тут пачне разбірацца. Я думаю, што быў такі нюанс у гэтай сітуацыі.

Еўрарадыё: Ці прынёс месяц маўчання беларускаму кіраўніцтву нейкую медыйную карысць, ці наадварот?

Класкоўскі: З аднаго боку – гэта звычайная тактыка недэмакратычных рэжымаў: замоўчваць тое, што не выгадна. У ранейшыя часы гэта давала свой плён. Я памятаю, як мы жылі ў Савецкім Саюзе, калі не было інтэрнэту, калі глушылі гэтыя заходнія “галасы”, то часта і не ведалі савецкія людзі пра многія рэчы. Але сёння, у эпоху інтэрнэту, гэтае замоўчванне – яно абсалютна бясплённае, недальнабачнае. І ў выніку, як мы бачым, увесь прапагандысцкі апарат: усе гэтыя медыя, якія або маўчалі, або (прабачце за такое слова) тупа паўтаралі афіцыйную версію, хлуслівую, як цяпер высвятляецца, або вылівалі памыі на незалежныя медыя, якія спрабавалі раскруціць гэты клубок – уся вось гэтая састарэлая прапагандысцкая сістэма села ў лужыну, і цяпер іміджу ўлады нанесеная вельмі вялікая страта. Насельніцтва чарговы раз пераканалася, што ўся сістэма хлуслівая і ўся сістэма гнілая. Так было летась, калі быў валютны крызіс, а ўладныя медыя і вялікія начальнікі маўчалі ў анучку і рабілі выгляд, што няма гэтага шаленства ля абменніка, ля паліц у крамах і г.д. Сістэма – несучасная. Цяпер модна казаць пра выклікі… Дык вось, такая сістэма – кансерватыўная, няўклюдная – яна не можа рэагаваць на выклікі ХХІ стагоддзя, і чым далей, тым часцей будзе наступаць на тыя самыя граблі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі