“КЛІПзаМОВА”: "Шукаем новых Akute"

Каля 20 гуртоў падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе “КЛІПзаМОВА”. Сярод іх — :B:N:, Amaroka, ZM99, Martin S. і нават Нацыянальны Акадэмічны Народны хор імя Цітовіча. Конкурс прымеркаваны да Дня роднай мовы, а ладзяць яго Арт Сядзіба сумесна з відэастудыяй Ideas. Мэта конкурсу — зняць бясплатны кліп на беларускамоўную песню, якая пераможа ў выніку галасавання з удзелам інтэрнет-аўдыторыі і экспертаў. Але Арт Сядзіба ставіць перад сабой і іншыя задачы. Кажа яе кіраўнік Павел Белавус:

“Адна з нашых задач — паспрабаваць выцягнуць маладыя гурты, якія, можа быць, маюць запісы беларускамоўныя, але пра іх ніхто яшчэ не ведае ці яны толькі рыхтуюць іх да рэлізу. І вось такім чынам выцягнуць гурты, пра якія мы не ведаем, альбо тыя песні, пра якія мы не ведаем. І вось сярод іх знайсці нешта вартае. Знайсці новых Akute”.

Падаць заяўку на ўдзел у конкурсе можна да 3 сакавіка. І зрабіць гэта даволі лёгка — трэба проста даслаць песню на беларускай мове з кароткім апісаннем сваёй творчасці, спасылкамі на сайт і кантактамі на скрыню [email protected]. Альбо пакінуць на старонцы падзеі "ВКонтакте". Там жа можна знайсці падрабязную інфармацыю пра конкурс і яго этапы.Па выніках конкурсу грамадскае агенцтва Арт Сядзіба правядзе ў адным з клубаў Мінску канцэрт пераможцы з шырокай прэзентацыяй кліпу ў беларускіх СМІ.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі