Колькі Ap$ent зарабіў на вірусным хіце “Можно я с тобой”

Ці можа выканаўца зарабляць без канцэртаў?

Ці можа выканаўца зарабляць без канцэртаў? / @rubanau_collage

Песня Арсенія Кісляка (Ap$ent) “Можно я с тобой” завірусілася ў ютубе і тыктоку, а таксама трапіла ў топы стрымінгаў Spotify і Apple Music на постсавецкай прасторы. Але пасля таго, як музыка расказаў гісторыю песні (часткова яна — пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі), яго профілі былі выдаленыя з папулярных расійскіх сэрвісаў.

Ці моцна гэта ўдарыла па яго гаманцы? Увогуле,ці можа беларускі артыст жыць з праслухоўванняў на стрымінгах? А ўсе гэтыя тысячы відэа з трэкамі Ap$ent у тыктоку — яны што-небудзь прыносяць?

Еўрарадыё распытала Кісляка наконт яго заробкаў. А музычны блогер Мікіта Абрамчык расказаў нам, колькі грошай музыка можа “падняць” на стрымінгах.

“Нічога, жыць буду”

— Арсеній, ці канвертуюцца мільёны праслухоўванняў у долары і еўра? 

— Магу пацвердзіць, што вялікая колькасць праслухоўванняў дае плён. Ганарары стрымінг-пляцоўкі плацяць высокія. Якія дакладна — сказаць не магу, камерцыйная таямніца.

Колькі Ap$ent зарабіў на вірусным хіце “Можно я с тобой”
Арсені Кісляк (Ap$ent) \ Арсені Кісляк

Ведаю таксама некалькі артыстаў, якія ў неканцэртных стылях працуюць, тыпу OBLXKQ (вымаўляецца “Воблака”). Яны пішуць музыку, шмат канцэртаў не даюць, зарабляюць за кошт стрымінгаў. Такім чынам можна жыць.

— Ваш каталог выдалілі з VKPlay, а Яндэкс.Музыка заблакавала вашую старонку. Гэта ўдарыла на бізнес-мадэлі?

— Нічога, жыць буду. Вядома, лепш працаваць на ўсіх рынках — расійскім, заходнім, азіяцкім. Але як ёсць, так ёсць.

— Spotify ці Youtube.Music могуць у плане прыбытку замяніць расійскія сэрвісы?

— Канцэрты для мяне — гэта толькі дадатковыя крыніцы заробку. Але музыка можа зарабляць сабе на жыццё па-рознаму. Праз стрымінг, арганізацыю канцэртаў, рэкламныя дамовы, продаж фірмовых рэчаў, платныя калабарацыі з іншымі выканаўцамі. Кожны з гэтых напрамкаў ёсць сэнс пракачваць.

Проста ў кожнага выканаўцы свая схема заробку. Хто больш медыйны — да іх часцей прыходзяць на канцэрты. А ёсць тыя, каго лепей слухаюць прыватна, і вялікія канцэртныя пляцоўкі яны не збіраюць.

— Наколькі сёння складана арганізаваць тур беларускаму выканаўцу-эмігранту?

— Пакуль не ведаю. Калі арганізую, тады і будзе інфармацыя, складана гэта ці не. Але пакуль усё няпроста, бо талковага арганізатара знайсці складана.

Магія лічбаў

Паколькі Ap$ent не стаў раскрываць нават прыблізныя лічбы свайго заробку, мы запыталі ў Мікіты Абрамчыка, стваральніка музычнага блогу “КЛІК”, як выглядае схема манетызацыі творчасці музыкаў. 

“Пытанне манетызацыі вельмі комплекснае. На яго ўплывае велізарная колькасць фактараў: слухаюць па падпісцы ці не, у якой краіне, на якой платформе.

Лічбы для разліку заробкаў ёсць у адкрытым доступе. Важна разумець, што яны суперпрыблізныя, маюць арыентыровачнае значэнне”.

Колькі Ap$ent зарабіў на вірусным хіце “Можно я с тобой”
Таблічка з разлікамі прыблізных ганарараў ад музычных стрымінгаў / habr.com

Калі адштурхоўвацца ад дадзеных, што Spotify плаціць выканаўцам па тысячы долараў за 303 030 праслухоўванняў, дык толькі за адну песню “Можно я с тобой” мусілі налічыць больш за $27 тысяч. Але Мікіта Абрамчык заўважае, што “на рукі” артыст, хутчэй за ўсё, атрымае менш — і нашмат. 

“Усё залежыць ад умоваў, на якіх ён заключыў дамову, і як шмат пасярэднікаў паміж ім і стрымінгам існуе. Напрыклад, гэта могуць быць музычныя агрэгатары або лэйблы, дзе на кожным этапе здымаюцца пэўныя ганарары”, — кажа блогер. 

Як і казаў Ap$ent, расійскія стрымінгі, у адрозненні ад заходніх, плацяць музыкам меней грошай. 

“Я лічыў: каб у VKPlay без падпіскі тысячу долараў за стрымы атрымаць, у цябе павінна быць прыблізна 45,5 млн праслухоўванняў. Ведаю, што “СберЗвук” нядрэнна плаціць уладальнікам кантэнту. Але там ніхто музыку не слухае, і ім хоць неяк трэба завабіць на плафторму артыстаў”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі