"Яндэкс музыка" заблакіравала старонку беларускага музыканта Ap$ent
Арсень Кісляк (Ap$ent)
Сэрвіс "Яндэкс музыка" абмежаваў доступ да старонкі беларускага музыканта Ap$ent (сапраўднае імя — Арсень Кісляк). Пры спробе зайсці на старонку Ap$ent з'яўляецца паведамленне, што старонка "недаступная па патрабаванні Раскамнагляду".
Кісляка ў Расіі не прызнавалі іншаагентам і не ўключалі ў пералік экстрэмістаў і тэрарыстаў. На просьбу пракаментаваць сітуацыю ў "Яндэкс музыка" распавялі, што 27 сакавіка атрымала ад Раскамнагляду афіцыйнае патрабаванне абмежаваць доступ да старонкі артыста. "Мы звярнуліся ў Раскамнагляд і Генпракуратуру па тлумачэнні прычын", — гавораць у сэрвісе. Адказу пакуль няма. Старонка Ap$ent хуткім часам будзе заблакаваная і ў "МТС музыцы", пацвердзілі прадстаўнікі гэтага сэрвісу.
Нагадаем, трэк выканаўцы Ap$ent "Можно я с тобой" уваходзіць у топ-чарты ўсіх расійскіх музычных сэрвісаў. На момант патрабавання заблакаваць доступ — 27 сакавіка — ён займаў 2-е месца ў чартах "Яндэкс музыкі" і "МТС музыкі", 4-ю пазіцыю — у "VK музыцы". На YouTube відэа з гэтай песняй мае больш за 7 мільёнаў праглядаў і займае тут 6-е месца ў рэйтынгу "100 лепшых кліпаў" у Расіі.
У беларускіх чартах Apple Music і Spotify кампазіцыя займае першае месца, яна ўваходзіць і ва ўкраінскія чарты.
Арсень Кісляк (Ap$ent) нарадзіўся ў Харкаве, але амаль усё жыццё пражыў у Магілёве. Разам з жонкай Марыяй у 2022 годзе быў вымушаны тэрмінова з'ехаць з Беларусі ў Грузію пасля таго, як Марыі прысудзілі год абмежавання волі за каментар пра Аляксандра Лукашэнку. Гэтаму эпізоду прысвечаны другі куплет песні. "Я проста зарыфмаваў падзеі са свайго жыцця", — расказваў Арсень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.