Колькі каштуе модны “лук” Качанавай?
Наталля Качанава кажа, што шые вопратку з беларускай тканіны / Еўрарадыё, калаж Улада Рубанава
— Гэта не пра прадстаўнікоў улады Беларусі. Гэта не пра нас — стылісты, візажысты… Няма ніякіх стылістаў, ніякіх візажыстаў. Я шыю адзенне ў атэлье з тканіны «Камволь» і заўсёды нашу адзенне беларускай вытворчасці, — сказала нядаўна старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Еўрарадыё падлічыла, колькі мог бы каштаваць строй чыноўніцы.
Наталля Качанава часцей за ўсё абірае стрыманыя колеры адзення: шэры, блакітны, бэжавы, сіні. Зрэдку прыўносіць разнастайнасць і выбірае клетку. У “Камволі” сапраўды шмат такога кшталту касцюмных тканін. Гэта паўвоўна з дадаткам паліэстару, віскозы.
Адзін метр касцюмнай тканіны “Камволь” каштуе 23-24 рублі. Гэта будзе, напрыклад, блакітны меланж або “гусіная лапка” ў стылі Шанэль. На гарнітур з жакета і спадніцы спатрэбіцца прыкладна 3-3,2 метра тканіны. На жакет каля — 2-2,20 метра, на спадніцу — метр.
Наталля Качанава кажа, што адзенне ёй шыюць у атэлье Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Яно называецца LineA і адкрытае для ўсіх ахвотных на вуліцы Мяснікова, 37. Там могуць распрацаваць дызайн вопраткі, лякалы і паводле іх пашыць гарнітур, які ідэальна сядзе па фігуры.
— Вядома, тут Наталля Качанава крывіць душой, калі кажа, што стылісты — гэта не пра яе. Калі чалавек прыходзіць у атэлье, то ўжо маецца на ўвазе, што ён будзе працаваць з майстрам індывідуальна. Гэта той самы стыліст. Вопратка садзіцца на фігуру, падбіраецца тканіна. Гэта нятанна. Людзям, якія хочуць сэканоміць, прасцей купіць адзенне, чым пашыць, — кажа Еўрарадыё дызайнер адзення і супрацоўніца іншага атэлье ў Мінску.
За пашыў жакета на падкладцы ў майстэрні, куды звяртаецца Качанава, возьмуць 200-260 рублёў, за спадніцу-аловак — 60-80 руб. Столькі ж каштуе пашыць штаны, хоць у іх Наталлю Качанаву можна заўважыць нячаста. Сукенка каштуе 110-170 рублёў.
Можна меркаваць, што лякалы для Наталлі Качанава як пастаяннай кліенткі ўжо распрацаваныя, таму на іх яна з кожным наступным заказам эканоміць. Але ўвогуле падрыхтаваць лякала спадніцы каштуе 52 рублі, штаноў — 55. Стварыць жакет па фігуры даражэй за ўсё: за гэта трэба раскашэліцца на 202 рублі. За сукенку — на 103 рублі.
Прынамсі такі прайс размешчаны на сайце атэлье. Такім чынам, гарнітур жакет+спадніца ў стылі Качанавай з распрацоўкай дызайну і пашывам будзе каштаваць каля 600 рублёў. Купляем яшчэ тканіну — беларускую, як Качанава. Атрымліваецца каля 76 рублёў за тканіну, плюс падкладка, фурнітура… Такім чынам, гарнітур будзе каштаваць больш за 700 рублёў.
— Пашыў жаночага касцюма як у Качанавай у атэлье прэміум-класа ў Мінску і з добрай італьянскай тканіны — гэта мінімум 1000-1500 рублёў. Мой досвед паказвае, што беларускія тканіны ні ў якае параўнанне з італьянскімі ісці не могуць — а яны каштуюць каля 40 долараў за метр. Я сабе купляла ў "Камволі" тканіну, і пасля першага ж мыцця яна пайшла катышкамі. Я не веру, што Качанава шые адзенне з іх. Хіба што для чыноўнікаў нейкія спецыяльныя высакаякасныя тканіны ткуць… — кажа суразмоўніца Еўрарадыё, якая шыла так званае адзенне прэміум-класа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.