Кошт на сацыяльны хлеб павышаецца штомесяц

Прадаўцы крамы “Азарэнне” нагадваюць Еўрарадыё спіс сацыяльна значных прадуктаў, кошты на якія рэгулюе дзяржава.

“Уся "малочка", хлеб — сацыяльныя прадукты, выпечка — гэта ўжо несацыяльныя прадукты, тварог, сыркі глазураваныя — несацыяльныя прадукты, бо лічыцца, што без іх можна пражыць, пастэрызаванае стэрылізаванае малако — таксама несацыяльныя прадукты”, — распавядае бухгалтар з крамы “Азарэнне”.

Пытаюся пра кошты на сацыяльныя прадукты, і тут высвятляецца, што хлеб-малако даражэюць ледзь не штомесяц!

“На хлеб стабільна растуць кошты штомесяц — ці ў канцы месяца, ці ў пачатку. Вось хлеб “Траецкі” — у траўні ён каштаваў 4900, а зараз 5200, гарэлка “Стольградная” 0,5 у сакавіку каштавала 47300, а цяпер нават патаннела — 46,650! Бывае, што ад пастаўшчыка залежыць кошт, але тут аднолькавы пастаўшчык і… патаннела”, — і сам здзіўляецца ў краме бухгалтарка. Разам з ёй глядзім іншыя кошты на несацыяльныя прадукты.

Каўбаса сыравэнджаная “Крамлёўская” — у траўні каштавала 79650, а праз тры месяцы падаражэла на 750 рублёў, ці на 0,9%. А вось хлеб за гэтыя тры месяцы падаражэў на 6%.

Малочныя прадукты ў параўнанні з мінулым годам выраслі ў цане на 18%, а каўбаса сыравэнджаная — на 11%. Бульба маладая — для беларусаў ледзь не першы сацыяльны прадукт — летась каштавала ў межах 3500 рублёў, а зараз прадаецца ў крамах за 7000! Падаражэла напалову!

Чаму кошты на сацыяльны хлеб растуць ледзь не штомесяц, а на несацыяльныя прадукты — не так шпарка, пытаюся ў міністра эканомікі Мікалая Снапкова. Той кажа, што рост коштаў на сацыяльны хлеб — гэта план Мінэканомікі, каб падвысіць рэнтабельнасць яго вырабу.

 “Мы паступова адыходзім ад рэгулюемых пазіцый у структуры коштаўтварэння ў краіне. Таму гэта планавае і мэтанакіраванае, і паступовае, каб гэты хлеб, які займае самы нізкі коштавы сегмент, паступова вывесці на ўзровень сабекошту. Мы не сталі падвышаць кошты на гэты хлеб аднамомантна, каб зрабіць гэта паступова ў залежнасці ад росту даходаў насельніцтва”.

Пры гэтым колькі павінен каштаваць сацыяльны хлеб, міністр не адказаў: “Я не магу сказаць, колькі павінен каштаваць хлеб. Павінен быць рэнтабельным і купляемым”.

Атрымліваецца, хлеб, роўна як і іншыя сацыяльна важныя прадукты, мінімум нерэнтабельныя, але гэта і не так важна. Паводле заявы міністра эканомікі, спіс сацыяльна важных прадуктаў паступова будзе звужацца. Аднак якія канкрэтна прадукты знікнуць са спіса ўжо ў наступным годзе, міністр пакуль не ведае — такіх выкладак Мінэканомікі не мае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі