"Крумкачы" вымушана падалі заяву на ўдзел у другой лізе беларускага чэмпіянату
Мінскі футбольны клуб "Крумкачы" вымушана падаў заяву на ўдзел у другой лізе беларускага чэмпіянату. Некалькі стадыёнаў (у Мінску і ў Смалявічах) адмовілі камандзе ў арэндзе і ёй проста не было б дзе гуляць у першай лізе (ды нават да першынства проста не дапусцілі б). Каб захаваць клуб, было прынята рашэнне заявіцца ў фактычна аматарскую другую лігу, дзе няма з боку федэрацыі строгіх патрабаванняў па інфраструктуры.
Відавочна, што "Крумкачы" трапілі пад ціск з боку футбольных функцыянераў. Футбаліст каманды Аляксандр Івулін — палітвязень, з ім быў працягнуты кантракт проста ў судзе. І гэта толькі адна з магчымых прычын, чаму "Крумкачоў" "прэсуюць". Выглядае, што Беларускай федэрацыі футбола ўсё роўна, што каманда, якая летась ледзь не трапіла ў эліту, цяпер развітваецца з першай лігай.
"Давайце будзем лічыць гэта не адступленнем, а манеўрам — зробім крок назад для лепшага разбегу", — піша прэс-служба клуба ў звароце да заўзятараў.
Выканкам АБФФ будзе зацвярджаць спіс удзельнікаў другой лігі футбольнага чэмпіянату Беларусі 1 сакавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.