Крыху паспяшалася — Дзінара Алімбекава пра няўдачу ў індывідуальнай гонцы
Дынара Алімбекава / БЕЛТА
Беларуская біятланістка Дынара Алімбекава пракаментавала сваё няўдалае выступленне ў індывідуальнай гонцы на Алімпіядзе. Па ходзе гонкі яна прэтэндавала на залаты медаль, аднак на апошняй мяжы прамахнулася, сышла на штрафное кола і ў выніку фінішавала пятай.
"Думаю, што я крыху паспяшалася на стойцы. Усе стрэлы рабіла спакойна, якасна, а менавіта перад чацвёртым стрэлам паспяшалася, напэўна, страціла канцэнтрацыю", — заявіла яна ў эфіры беларускага тэлебачання.
Пры гэтым яна прызналася, што любіць індывідуальныя гонкі, ёй "падабаецца раскладаць сілы па дыстанцыі". Аднак гэтым разам на другім коле яна пачала замярзаць, і стала складана рухацца хутчэй.
"Пачуцця моцнай стомленасці не было, я пачала стамляцца толькі пад канец дыстанцыі. Нават нягледзячы на блізкае месца на Алімпійскіх гульнях, гэта ўсё адно пройгрыш. Акрамя засмучэння і прыкрасці, не адчуваю ніякіх эмоцый", — адзначыла яна.
Тым не менш, яна настроілася змагацца далей. 11 лютага на Алімпіядзе беларускія біятланісткі выйдуць на старт спрынтарскай гонкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.