Купчына: Лукашэнку чакаюць у Ватыкане, як і ў Беларусі чакаюць Папу Рымскага
Намесніца міністра замежных справаў Беларусі Алена Купчына ў інтэрв’ю Еўрарадыё заявіла, што цяпер вядзецца падрыхтоўка да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Ватыкан. Паводле чыноўніцы, беларускага кіраўніка чакаюць у Святым прастоле, але канкрэтная дата візіту пакуль не вызначаная.
“Гэты візіт, як і візіт Папы Рымскага ў Беларусь, пастаянна знаходзіцца на нашым парадку дня. Гэты візіт, вядома ж, адбудзецца, калі гэты візіт прынясе значныя вынікі для беларускіх нацыянальных інтарэсаў. Я ведаю, што нашага прэзідэнта ў Ватыкане чакаюць і Беларусь чакае Папу Рымскага. Проста мы глядзім, каб зрабіць такі магчымы візіт максімальна эфектыўным”, — сказала Алена Купчына.
Пра гатоўнасць Ватыкана прыняць Лукашэнку заяўляў кардынал П’етра Паралін падчас візіту ў Мінск у сакавіку гэтага года. Раней меркавалася, што паездка можа адбыцца ў верасні, аднак прадстаўнік Ватыкана заявіў, што ў практыцы Святога прастола не прынятыя аўдыенцыі ў папы палітычных лідараў напярэдадні выбараў у іх краінах. Дый сам Лукашэнка не звяртаўся з просьбай аб аўдыенцыі, каб нікога не ставіць у недарэчнае становішча.