Леанід Заіка: Расія можа аштрафаваць Беларусь на 500 млн долараў

Эканаміст мяркуе, што забарона на пастаўкі ў Расію амаль усёй беларускай малочнай прадукцыі пакіне без грошай беларускую правінцыю Нагадаем, "малочная вайна", якая ідзе паміж Беларуссю і Расіяй, не спыняецца. Учора кіраўнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка заявіў, што ўжо 1400 відаў беларускай малочнай прадукцыі не зможа патрапіць на расійскі рынак. Ён адмаўляе, што гэта палітычнае рашэнне і прапануе беларускім пастаўшчыкам належным чынам перарэгістраваць свой тавар у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў аўторак запатрабаваў ад беларускіх чыноўнікаў спыніць "славесныя сваркі" з расійскім бокам з нагоды паставак малочнай прадукцыі на рынак Расіі і даць суседзям вычарпальныя адказы на ўсе пытанні.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што пакуль яшчэ "малочная вайна" не пачалася, Расія толькі спыніла "экспансію" беларускага малака:

"Аналіз паказвае, што сёлета экспансія беларускага малака вырасла на 37%. І што, Расія не будзе на гэта рэагаваць? Крызіс навокал, у іх скарачаецца ўласны ўнутраны рынак, спажыванне, а тут беларусы малаком заліваюць...".

Страты беларускай эканомікі пакуль яшчэ ацаніць цяжка, кажа эканаміст Міхал Залескі, але, на яго думку, яны будуць вялізныя:

"Страты будуць вельмі вялікія. Таму што гаворка ідзе пра мільёны тон прадукцыі. Можна ўявіць, колькі гэта будзе каштаваць".

Леанід Заіка ўжо цяпер называе канкрэтную лічбу стратаў:

"Я думаю, мы згубім на збыце 200-300 мільёнаў долараў".

Акрамя таго, узнікне праблема неплацяжоў — прадпрыемствы не змогуць разлічыцца з вяскоўцамі, з гаспадаркамі. І правінцыя застанецца без грошай.

Леанід Заіка: "Гэта прыклад геаэканамічнай зброі, калі цалкам падсядзе ўся правінцыя, усе 118 раёнаў Беларусі з-за малака стануць мець патрэбу ў грошах".

Таксама расіяне могуць яшчэ і аштрафаваць Беларусь якраз на тыя 500 мільёнаў долараў, якія Мінск хоча атрымаць у крэдыт ад Расіі. Заіка лічыць, што зрабіць гэта лёгка, была б толькі пастаўленая расійскім чыноўнікам такая задача.

Тым часам у Мінску чыноўнікі пачалі гаварыць пра перанакіраванне беларускай малочнай прадукцыі з Расіі ва Ўкраіну, краіны Балтыі, Грузію і Азербайджан. Нібыта, ужо ідуць перамовы. Гэта можа быць часовая мера — на час вядзення перамоваў пра пастаўкі з ЕС, Кітаем, Турцыяй і Іранам.

"На іншых рынках нас не чакаюць, гэта ж не справа аднаго дня, так хутка гэта не робіцца", — кажа эканаміст Міхал Залескі. Леанід Заіка таксама скептычна глядзіць на магчымасць хуткай пераарыентацыі экспарта беларускага малака на іншыя рынкі. Той жа Азербайджан "проста патоне ў беларускім малацэ", бо не мае патрэбы ў павелічэнні паставак.

Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі