Лічба дня: Кожны другі беларус жыве на 3,5 мільёна рублёў у месяц
Кожны другі беларус жыве на прыбыткі ў 3,5 мільёна рублёў на месяц або 176 долараў паводле актуальнага курса. Пра гэта паведамляе ej.by са спасылкай на Белстат. Гэта рэсурсы, якія ўключаюць у сябе не толькі грашовыя прыбыткі, але і кошт вырашчаных на агародзе прадуктаў і льготаў, атрыманых ад дзяржавы.
Прыкладна чвэрць беларусаў маюць прыбыткі да 2,5 мільёнаў рублёў. Найбольша шматлікая група насельніцтва мае ад 2,5 да 3,5 мільёнаў (каля 30%) Яшчэ 28% насельніцтва мае ад 3,5 да 5 мільёнаў, а прыбыткі 10% беларусаў перавышаюць 6 мільёнаў рублёў штогмесяц.
За рысай беднасці жыве 5,4% беларусаў — іх прыбыткі не перавышаюць пражытковы мінімум, то бок, 1,7 мільёна рублёў на месяц. І гэтая група насельніцтва мае тэндэнцыю да павелічэння. Асноўная маса малазабяспечаных — гэта сем’і з дзецьмі, бо рэсурсы ў такіх хатніх гаспадарках дзеляцца на большую колькась чалавек.
Выданне адзначае, што колькасць бедных павялічваецца далёка не такімі хуткімі тэмпамі, як падаюць прыбыткі насельніцтва (мінус 6% за мінулы год). Рэч у тым, што найбольшае скарачэнне заробкаў адбываецца ў традыцыйна высокааплатных галінах — будаўніцтве і прамысловасці, а ў нізкааплатных галінах (медыцына і ахова здароўя) заробкі наадварот раслі. Адпаведна, збядненне адбываецца ў сярэднім класе.