Лічыць галасы на мясцовых выбарах апазіцыю не дапусцяць?

Фармаванне ўчастковых выбарчых камісій завяршылася 5 лютага. Але хто туды патрапіў, пакуль дакладна не вядома. Камісій гэтых ажно 6 тысяч, трэба падлічыць, якія суадносіны мужчын да жанчын, вызначыць партыйную прыналежнасць, тлумачыць адсутнасць звестак на 6 лютага сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.



Не маюць такіх звестак і ў партыях. Да прыкладу, партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла ў склад участковых камісій 186 актывістаў. Але пакуль ёсць толькі частковая інфармацыя пра ўключэнні, дзеліцца з Еўрарадыё намеснік старшыні Валерый Ухналёў.



Валерый Ухналёў: “Я ведаю, што ў Оршы 5 чалавек уключылі ў склад камісій — яны там у Оршы задзяўблі ўсіх судамі з нагоды неўключэння кожны раз, дык там уключаюць. Два ў Брэсце з 17 ці 18 пададзеных менавіта па горадзе. Ну, вось такія пакуль урывачныя звесткі”.



Актывісты кампаніі “Гавары праўду” ішлі ў камісіі самастойна — шляхам падачы заяў ад грамадзян. Такіх, паводле слоў намесніка лідара кампаніі Андрэя Дзмітрыева, назбіралася каля 100 чалавек. І пакуль няма інфармацыі, каб некага ў склад камісіі ўключылі. А калі такіх звестак няма, то значыцца, што не ўключылі нікога, разважае Дзмітрыеў.



У апазіцыі наракаюць: сёлета пры фармаванні выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі “фільтруюць” яшчэ больш жорстка, чым у 2010 годзе. У сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка на гэта ёсць свой адказ.



Мікалай Лазавік: “Я не думаю, што падчас гэтых выбараў нейкія больш жорсткія патрабаванні. Патрабаванні застаюцца ранейшыя: каб гэта былі людзі, якія ведаюць і паважаюць закон, якія карыстаюцца аўтарытэтам сярод выбаршчыкаў. І калі чалавек сапраўды варты, то ў яго ёсць усе магчымасці стаць сябрам камісіі”.



І ўзгадвае, як падчас мінулых выбараў на 14 чалавек, якія Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла ў склад выбарчых камісій “па адным з гарадоў”, было 17 судзімасцяў. І гэта, удакладняе Мікалай Лазавік, былі судзімасці не “за тое, што ён недзе сцягам памахаў ці арганізаваў нейкі пікет, адстойваючы свой пункт гледжання, а крадзяжы машын, гвалтаванні, ухіленне ад выканання бацькоўскіх абавязкаў”.



Усяго апазіцыя па партыйных спісах сёлета ў склад участковых выбарчых камісій вылучыла 372 чалавекі: 186 — “Справядлівы свет”, 4 — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), 118 — Аб’яднаная грамадзянская партыя і 64 — Партыя БНФ. Яшчэ каля сотні — “Гавары праўду” і ці то 10 ці то крыху болей чалавек — Рух “За свабоду”. Гэта — на 6170 камісій. Кропля сярод 75786 усіх, хто быў вылучаны ў склад камісій.



Што цікава, у “Звестках аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій”, размешчаных на сайце Цэнтрвыбаркама, не значыцца Ліберальна-дэмакратычная партыя. Якая напярэдадні выбараў абяцала не толькі рэкордную колькасць кандыдатаў у дэпутаты — 6 тысяч, але і вылучэнне шматлікіх прэтэндэнтаў у склад выбарчых камісій. Гэты факт здзіўляе нават сакратара ЦВК. Але ў намесніка старшыні ЛДПБ Алега Гайдукевіча ёсць тлумачэнне.



Алег Гайдукевіч: “Ва ўчастковыя прынцыпова не вылучалі — прынялі рашэнне не вылучаць. Не таму, што баяліся, што не пройдзем, не таму, што хваляваліся, што нас туды не возьмуць. Проста прынялі рашэнне, што сэнсу няма распыляць партыйны рэсурс на ўчастковыя камісіі”.



Праўда, пазней ён ператэлефанаваў з удакладненнем, што па асобных абласцях мясцовыя кіраўнікі ўсё ж вылучылі нейкую колькасць людзей ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Але калі іх партыйная прыналежнасць ў спісе ЦВК не пазначаная, то атрымліваецца, што яны вылучаліся як простыя грамадзяне — шляхам падачы заявы.



Дарэчы, і 6 тысяч кандыдатаў у дэпутаты ЛДБП таксама вылучаць не будзе. Маўляў, яны абяцалі падрыхтаваць столькі людзей да вылучэння, але ж гэта не азначае, што ўсіх вылучаць, разводзіць рукамі Алег Гайдукевіч.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі