Лідары “Гавары праўду” прадчуваюць хуткія перамены ў Беларусі

Лідары “Гавары праўду” прадчуваюць хуткія перамены ў Беларусі

Наступныя чатыры гады будуць вырашальнымі для Беларусі. Пра гэта заявіў сустаршыня кампаніі "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў 12 лістапада на форуме арганізацыі ў Мінску.

"Мы адчуваем, што пачынаюцца перамены, хай пакуль у нейкіх непрыкметных рэчах, перамены бачныя па тым, як паводзіць сябе ўлада, — сказаў ён. — У бліжэйшыя гады будзе вырашацца, якой стане Беларусь: незалежнай моцнай краінай або краінай трэцяга свету, дзе чалавек не будзе адчуваць сябе абароненым".

Дзмітрыеў адзначыў, што многія баяцца пераменаў, таму арганізацыя будзе казаць пра існуючыя праблемы з грамадстве.

"Мы рыхтуем перамены і самі да іх рыхтуемся. Мы ўпэўненыя, што "Гавары праўду" — гэта тая арганізацыя, якая не баялася дзейнічаць ва ўмовах нявызначанасці. Але мы паказвалі, што ўсё магчыма, што трэба ісці наперад і дамагацца сваіх мэтаў", — дадаў Дзмітрыеў.

Сустаршыня "Гавары праўду" Таццяна Караткевіч заявіла, што ў 2015 годзе дзякуючы ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах кампанія дасягнула таго, што ў грамадстве "перастала стаяць пытанне, ці патрэбныя перамены". "Улада прызнала, што альтэрнатыва ёсць. Зараз самая галоўная задача - падоўжыць гэтую тэндэнцыю, зрабіць так, каб перамены былі непазбежныя", — сказала яна, адзначыўшы, што сапраўдныя эканамічныя рэформы немагчымыя без палітычнай лібералізацыі.

На думку Караткевіч, "Гавары праўду" павінна падтрымліваць трэнды на нейтралітэт і суверэнітэт краіны, палітычную канкурэнцыю.

На форуме плануецца зацвердзіць стратэгію "Гавары праўду" да 2020 года, вызначыць фармат удзелу кампаніі ў мясцовых выбарах, а таксама абмеркаваць неабходнасць трансфармацыі арганізацыі ў палітычную партыю, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі