LitvinTroll: У нас адабралі назву, але працягваем рыхтаваць новы альбом

10 красавіка вядомы беларускі пэган-метал-гурт LitvinTroll нечакана заяўляе пра распад. Інфармацыя з'яўляецца ў афіцыйных суполках калектыву ў сацсетках:

"Ансамбль Litvintroll спыняе сваё існаванне. За дзесяцігоддзе свайго жыцця мы прайшлі шмат дарог, адыгралі безліч канцэртаў і спаткалі сапраўдных сяброў. Гэта быў насычаны час. На жаль, не ўсе ўдзельнікі гурта ўсведамляюць тую адказнасць, якую накладае званне музыкі, таму з гэтага моманту гурт Litvintroll абвяшчаецца распушчаным".

Лідар гурта Андрэй Апановіч і астатнія музыкі звяртаюцца да фэнаў толькі праз 2 дні, 12 красавіка. У відэазвароце фронтмэн каманды кажа, што заява пра роспуск гурта сыходзіць ад "чалавека, у чыіх руках апынулася занадта шмат інфармацыі, уключаючы паролі ад сацсетак і пошты гурта" і сцвярджае, што Litvintroll па-ранейшаму рэпетуе і рыхтуе новы альбом.

У сваю чаргу дудар каманды, дырэктар і, як высвятляецца, праваўладальнік назвы Litvintroll, Васіль Верабейчыкаў распавядае пра канфлікт паміж музыкамі і кажа, што ён ўзнік на глебе падпісання сур'ёзнага кантракта.

"Нам зрабілі сур'ёзныя прапановы наконт далейшай будучыні і вялікіх канцэртаў. І працаваць на вусных дамоўленасцях у гэтай сітуацыі было б немагчыма. Кантракт бы распісаў правы і абавязкі кожнага ўдзельніка гурта. Напрыклад, буйныя booking-агенцтвы не жадаюць працаваць з гуртамі, у якіх няма такога кантракта. Кантракт мог вывесці гурт на новы ўзровень", — тлумачыць музыка.

Прапанова Верабейчыкава падпісаць кантракт выклікала спрэчкі ў камандзе, пасля чаго яму прапанавалі пакінуць Litvintroll. А паколькі правы на гурт зарэгістраваныя Васілём, існаваць калектыў больш не можа, прынамсі, пад ранейшай назвай. Аднак Верабейчыкаў усё ж спадзяецца на станоўчае вырашэнне праблемы і на аднаўленне дзейнасці гурта.

Нагадаем, апошні дыск Litvintroll “Чорная панна” быў прызнаны найлепшым альбомам 2013 года паводле вынікаў музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады”.

Фота: www.bnp.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі