Лукашэнка аб'явіў амністыю "дармаедам", заплачаныя грошы будуць вяртаць
Аляксандр Лукашэнка аб'явіў амністыю "дармаедам", заплачаныя грошы будуць вяртаць. Пра гэта было абвешчана на нарадзе, якая прайшла ў чацвер з удзелам кіраўніка дзяржавы. На ёй было аб'яўлена, што дэкрэт № 3 "Аб папярэджванні сацыяльнага ўтрыманства" не будзе адменены, аднак на працягу года даручана не спаганяць адпаведны збор з людзей, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Пазней былі паведамленыя падрабязнасці. Лукашэнка даручыў да 1 красавіка вызначыць дакладныя спісы тых, хто мусіць уносіць плацяжы на падставе дэкрэта № 3. Таксама ён заявіў, што вырашана на працягу бягучага года не спаганяць з "дармаедаў", якія трапяць у згаданыя спісы, збор. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі чалавек заплаціў у 2016 годзе збор за 2015 год, то гэтая сума пойдзе ў залік 2017-га (калі грамадзянін не будзе працаваць). Калі ён паступіць на працу, яму з бюджэту на яго патрабаванне вернуць грошы.
"У 2016-м пэўная колькасць (тысячы людзей), не аспрэчваючы, ўнеслі плацяжы, — гаварыў Лукашэнка. — Сёння я здымаю патрабаванне, каб усе, каго мы вылучым за першы квартал, плацілі гэтыя грошы. Не будзем за 2016 год спаганяць гэтыя грошы з тых, хто павінен плаціць. А тыя, хто заплаціў, тыя ў 2017-м не будуць плаціць. Калі яны будуць працаваць у 2017 годзе, мы павінны па іх патрабаванню вярнуць гэтыя грошы".
Мяркуючы па тым, што сказаў Аляксандр Лукашэнка, ёсць чатыры варыянты развіцця падзей:
1. Калі вам прыйшло паведамленне аб аплаце збору за 2015 год, і вы яго аплацілі — вам вернуць грошы.
2. Але калі вы "не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў" і ў 2016 годзе, то за яго вам залічаць ўжо аплачаны збор за 2015 год. Тады грошай не вернуць, але і плаціць зноў не трэба будзе.
3. Калі вам прыйшло паведамленне аб аплаце збору за 2015 год, і вы яго не аплацілі — віншуем, нічога плаціць не трэба!
4. Але калі дзяржава вырашыць, што і ў 2016 годзе вы былі "дармаедам", усё пачнецца па-новай: паведамленне аб аплаце збору, месяц на тое, каб заплаціць 20 базавых велічынь, пеня і пагроза адміністрацыйнага пераследу. Усё гэта ўжо з канца 2017 года.