Лукашэнка: Адпрацуй — пасля звяртайся па пенсію (відэа)
Кіраўнік дзяржавы не выключае, што мінімальны працоўны стаж для прызначэння працоўных пенсій можа быць павялічаны.
У аўторак кіраўнік Беларусі правёў нараду, прысвечаную праблеме прыцягнення грамадзян, якія не працуюць, да працоўнай дзейнасці. Аляксандр Лукашэнка не выключае магчымасці павелічэння мінімальнага працоўнага стажу для прызначэння працоўных пенсій.
Лукашэнка: "Па-першае, павялічаны мінімальны працоўны стаж для прызначэння працоўных пенсій з 10 да 15 гадоў. Мы прынялі гэтае рашэнне. І мы дамовіліся аб тым, што гэта — першы крок. Магчыма, і не 15, а 20 гадоў. Адпрацуй — потым звяртайся па пенсію. Але пакуль — 15 гадоў".
Кіраўнік дзяржавы гаварыў і пра мінімальную сацыяльную пенсію. Паводле яго слоў, яна невялікая, але агулам выплачваюцца мільярды ці трыльёны рублёў. Таму не выключана, сказаў Лукашэнка, што ўзрост для звароту па мінімальную сацыяльную пенсію можа быць павышаны. Гэта "дазволіць адсунуць прызначэнне пенсіі тым, хто па жыцці ніякага ўнёску ў эканоміку не зрабіў".
Фота: АР, відэа: БЕЛТА