Лукашэнка зноў кажа пра заробак у 1000 рублёў. Тлумачым, чаму гэта папулізм

Лукашэнка зноў кажа пра заробак у 1000 рублёў. Тлумачым, чаму гэта папулізм

Падчас справаздачы ўраду аб працы эканомікі ў 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка зноў кажа пра заробак у 1000 рублёў. Гэтая магічная лічба рэгулярна гучала ўвесь мінулы год, а аднойчы — у жніўні 2017-га — Лукашэнка адчуў сябе настолькі ўпэўнена, што заявіў нават пра 1500 рублёў сярэдняга заробку ў 2018 і 2019 гадах.

Сёлета апетыты кіраўніка Беларусі выглядаюць больш сціпла. Ён паставіў задачу да канца сакавіка “аднавіць тысячу рублёў”, а на працягу 2018 года “пераўзыйсці гэты паказчык”.

“Эканомце на чым хочаце, але тысячу рублёў сярэдняй зарплаты забяспечце! — загадаў чыноўнікам Лукашэнка. — І перш за ўсё за кошт павышэння зарплаты тым, каго можна назваць асновай нашай дзяржавы — настаўнікам, лекарам, тым, хто выхоўвае нашых дзяцей. Трымаць іх на галодным пайку — вар'яцтва”.

Вось такі падспудны паказчык — гэты сярэдні заробак. Разумеючы яго небяспеку, палітыкі-папулісты па ўсім свеце вельмі рэдка згадваюць яго ў сваіх абяцаннях. Пра гэта ў жніўні 2017 года мы пагутарылі са старшым аналітыкам кампаніі “Альпары” Вадзімам Іосубам:

— Пытанне не ў канкрэтнай лічбе, а ў тым, якімі спосабамі яна будзе дасягацца. Была небяспека, што ўлады ўключаць друкавальны станок, але пакуль гэтыя падазрэнні не апраўдваюцца. Магчымы іншы варыянт: адміністрацыйны ціск на прадпрыемствы, каб яны павялічвалі заробкі сваім работнікам без росту выручкі і прыбыткаў.

— Калі дырэктару дзяржпрадпрыемства загадаюць падняць заробак — ён яго падыме. Гэта прывядзе да пагаршэння рэнтабельнасці, павышэння сабекошту прадукцыі і падзення яе канкурэнтназдольнасці на рынках. Нічога добрага на мікраўзроўні гэта прадпрыемству не прынясе.

— Папулізм у палітыцы — гэта не беларускае вынаходніцтва. Па ўсім свейце палітыкі-папулісты, якія знаходзяцца ля ўлады, даюць шмат абяцанняў, у тым ліку і такіх, якія выканаць немагчыма. Але амаль нідзе вы не пачуеце, каб нехта абяцаў рост сярэдняга заробку. Чаму? Ды таму, што ў якасці абяцання сярэдні заробак — гэта дрэнны паказчык. Нават калі гэтае абяцанне выканаць, можна не толькі не атрымаць палітычных дывідэндаў, але і страціць ачкі. Бо калі кажуць пра сярэдні заробак “усім па 1000 рублёў”, гэта не азначае, што кожны атрымае па тысячы.

— Першы відавочны недахоп: гаворка ідзе пра сярэдні налічаны заробак, а не пра тое, што мы атрымліваем на рукі. А з налічанага трэба заплаціць падаходны падатак, 1% у ФСЗН, а шмат хто яшчэ заплаціць 1% прафсаюзам. Гэта азначае, што, калі налічаны заробак чалавека адпавядае сярэдняму і складае роўна 1000 рублёў, на рукі ён атрымаеце толькі 850. Паглядзіць на іх, паслухае навіны пра сярэдні заробак у 1000 рублёў, і яму стане сумна.

— Ёсць і геаграфічны фактар. Сярэдні заробак у 1000 рублёў — гэта ж па краіне. А ў нас ёсць Мінск, дзе людзі ў сярэднім атрымліваюць заробак, вышэйшы за сярэдні па краіне, і ўсе астатнія рэгіёны, дзе, за рэдкім выключэннем (Жодзіна, Наваполацк, Мазыр, Салігорск) людзі атрымліваюць заробак, істотна меншы за сярэдні. І вось, прыходзіць “Час Ч”: нам абвяшчаюць, што заробак у 1000 рублёў дасягнуты. З аднаго боку, гэта праўда. Але гэта азначае, што ў Мінску будуць атрымліваць больш, а ў рэгіёнах — менш. Людзі, якія там жывуць, ва ўсіх тонкасцях разбірацца не абавязаныя. І што думаць тым, хто 1000 рублёў заробку ў вочы не бачыў? Як ім паверыць у тое, што гэта праўда, і як такая праўда можа не раздражняць? Таму папулісты і не абяцаюць росту сярэдняга заробку. Нават тады, калі абяцанне выконваецца, большая частка людзей усё роўна будзе лічыць, што іх падманулі.

— Калі разабрацца, дык сярэдні заробак расце найперш за кошт росту заробкаў “і без таго заможных”. З набліжэннем да 1000 рублёў сацыяльнае расслаенне будзе толькі павялічвацца. Зразумела, што трэба “падцягваць” самых бедных. Але людзі з самымі малымі заробкамі — гэта, як звычайна, работнікі самых неэфектыўных, самых стратных прадпрыемстваў. А як зрабіць гэтыя “дрэнныя” прадпрыемствы эфектыўнымі, мы за 20 гадоў так і не прыдумалі. МВФ і іншыя арганізацыі кажуць пра структурныя рэформы, каб прадпрыемствы, якія ўжо ніколі не змогуць стаць эфектыўнымі, вызвалілі месца на рынку. Вось чым варта займацца замест таго, каб камандаваць заробкам, каб яны раслі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі