Лукашэнка: Калі да ўлады прыйдзе апазіцыянер, дзяржслужбоўцы застануцца
Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
У панядзелак, 20 ліпеня, Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Гаворка ішла пра прэзідэнцкія выбары. Лукашэнка заявіў, што падчас выбарчай кампаніі трэба пазбягаць папулізму, не абяцаць людзям таго, што нельга рэалізаваць.
Лукашэнка: "У прэзідэнцкія выбары ўсе вельмі шмат абяцаюць. А выконваць давядзецца таму, хто будзе абраны. І я ўпэўнены, што нават калі будзе абраны іншы чалавек, працаваць будуць людзі, якія цяпер працуюць, яны ж з неба не зваляцца, спецыялісты і дзяржслужбоўцы... Таму яны застануцца, многія працаваць будуць, нават калі прыйдзе да ўлады хтосьці іншы, можа нават апазіцыйны".
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мусяць актыўна сустракацца з людзьмі, тлумачыць ім сітуацыю ў краіне.
Нагадаем, ЦВК Беларусі зарэгістраваў 8 ініцыятыўных груп. Яны пачнуць збор подпісаў 23 ліпеня.
Фота: БЕЛТА