Лукашэнка лічыць, што Літва празмерна палітызуе Беларускую АЭС
Беларусь хоча мець мірныя і дружныя адносіны з Літвой. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 траўня на сустрэчы з экс-прэзідэнтам Літвы, дэпутатам Еўрапарламента Раландасам Паксасам.
Кіраўнік Беларусі чарговы раз нагадаў, што суседзяў не выбіраюць. "Каб жыць мірна і дружна (мы іншага шляху ў Беларусі не бачым, вы гэта добра ведаеце і разумееце), трэба мець кантакты і размаўляць на розныя тэмы, пачынаючы ад агульнай праблемы бяспекі ў рэгіёне (цяпер, вы ведаеце, у Еўропе штарміць, і вельмі моцна, дай бог, каб гэты шторм супакоіўся). З іншага боку, ёсць мясцовыя праблемы. Да прыкладу, будаўніцтва атамнай станцыі — тэма, якая вельмі актуальная ў Літве і, як мы лічым, вельмі палітызуецца", — перадае прэс-служба словы Лукашэнкі.
Ён нагадаў, што Беларусь актыўна выкарыстоўвае літоўскія порты, што шмат беларусаў ездзіць у Літву. Звярнуўся беларускі кіраўнік і да супольнай з Літвой гісторыі — Вялікага Княства Літоўскага. "Трэба ў гісторыі шукаць нешта добрае, на што можна абаперціся. І ў нас гэтага добрага шмат. Давайце будзем абапірацца на яго і будаваць у будучыні такія ж добрыя адносіны", — дадаў ён.