Лукашэнка: Мы вымушаныя будзем рэагаваць на паводзіны ўладаў Расіі
Кіраўнік дзяржавы адрэагаваў на расійскае абмежаванне на пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі.
Аляксандр Лукашэнка выказаўся наконт абмежавання на пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі ў Расію. Зрабіў ён гэта 27 лістапада на сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Георгіем Палтаўчанкам.
"Мяне сёння паводзіны расійскіх уладаў не проста здзіўляюць, а гнятуць, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Калі ў бліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаны будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!"
"І пры тым, ведаеце, што крыўдзіць? — казаў Лукашэнка. — Вось паўстануць праблемы ў Казахстана, дапусцім, і Беларусі аднолькавыя — адно тэлефанаванне, і ўсё добра з Казахстанам. У мяне складваецца ўражанне, што на прыкладзе Беларусі ў чарговы раз, узяўшыся то за газавую трубу, то за нафтавую, а цяпер за харчовыя пытанні, хочуць паказаць каму-небудзь ці ўсяму свету, правучыць кагосьці. Але мы ж не шчанюкі, каб нас за каўнер вадзіць, прабачце, за гэтую грубасць".
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што беларускае кіраўніцтва 3 месяцы не рэагавала, але цярпенню прыйшоў канец.
Лукашэнка: "Не трэба нас прэсаваць. Мы былі вам надзейнымі сябрамі і будзем. Але калі вы нас пачнеце шчаміць, вы ведаеце, што я цярпець не буду".
Нагадаем, 26 лістапада Маскву наведала беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм'ерам Уладзімірам Сямашкам. Ён правёў перамовы з расійскім віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам. Гаворка ішла пра пастаўкі ў Расію беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. Расія нядаўна ўвяла часовую забарону на пастаўкі прадукцыі прыблізна 20 беларускіх малака- і мясакамбінатаў, а таксама на транзіт праз Беларусь у Казахстан тавараў з краін Еўрасаюза, што трапляюць пад расійскія санкцыі.
Які вынік перамоваў Сямашкі і Дварковіча, пакуль невядома. Аднак, мяркуючы па рэакцыі кіраўніка Беларусі, дамовіцца з расійскім кіраўніцтвам пакуль не ўдалося.
Фота — ria.ru