Лукашэнка не прызначыць кіраўніка Акадэміі навук "аўтарытарным метадам"
У бліжэйшы час стане вядома, хто будзе ёй кіраваць.
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе, прысвечанай пытанням развіцця навуковай сферы Беларусі, якая прайшла ў панядзелак.
Кіраўнік дзяржавы даў тры месяцы на распрацоўку праграмы пераўтварэння беларускай навукі: структура навуковай сферы мусіць стаць кампактнай, яна павінна эфектыўна кіравацца. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка засцярог ад таго, каб рэфармаванне прывяло да татальнай ломкі і разбурэння. Ён падкрэсліў, што дзяржава гатовая фінансаваць навуку, але патрабуе аддачы: "Там, дзе будзем бачыць і адчуваць, што атрымаем вынік, мы будзем адрываць ад усяго і навукоўцам аддаваць апошнія грошы, таму што яны акупяцца".
Што да пытання прызначэння новага кіраўніка Нацыянальнай Акадэміі навук, то Аляксандр Лукашэнка абяцаў не дзейнічаць "аўтарытарным метадам", а параіцца. Ён адзначыў, што ёсць "шэраг кандыдатаў". "Трэба даць магчымасць, каб разумныя людзі са свайго кола змаглі неяк вылучыцца на гэтую высокую пасаду", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.