Лукашэнка патрабуе ад урада больш актыўна шукаць карысныя выкапні
Па яго словах, папярэдні ўрад з ранейшым прэм'ер-міністрам не дабіліся поспеху ў гэтым напрамку.
Аляксандр Лукашэнка патрабуе больш актыўна весці разведку карысных выкапняў. Пра гэта ён заявіў 30 ліпеня, калі прымаў з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Каўхуту.
Лукашэнка падкрэсліў, што гэтае пытанне ўздымалася і раней, але папярэдні склад урада на чале з ранейшым прэм'ер-міністрам не дасягнулі поспеху ў гэтым напрамку.
Кіраўнік Беларусі лічыць, што ёсць сур'ёзныя недапрацоўкі ў разведцы нетраў. "Я проста не веру, што ў нас няма вялікіх аб'ёмаў нафты і што ў нашых нетрах адсутнічае прыродны газ. На падобных тэрыторыях у Расіі ды іншых краінах здабываецца нямала нафты і прыроднага газу, а таксама каштоўных металаў — тое, што стварае аснову дабрабыту і ўстойлівасці любой эканомікі любой дзяржавы", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Сёлета ў Беларусі пройдзе нарада з удзелам кіраўніка краіны і будзе прысвечаная тэме запасаў карысных выкапняў у Беларусі.
Фота: БЕЛТА