Лукашэнка перад іконамі заявіў, што беларусаў чакае "няпросты год"

Лукашэнка перад іконамі заявіў, што беларусаў чакае "няпросты год"

7 студзеня на Раство, якое адзначаюць праваслаўныя вернікі, Аляксандр Лукашэнка наведаў храм на тэрыторыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску. Дзеці падарылі яму букет кветак, а ён ім — кнігі пра праваслаўныя святы і ласункі, а храму — ікону "Раство Хрыстова" беларускага мастака. Лукашэнка атрымаў у падарунак ікону святой Еўфрасінні Полацкай, інфармуе president.gov.by.

Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з вернікамі, але спачатку павіншаваў іх са святамі. "Я радуюся таму, што вы ўвогуле не вельмі і заўважылі, што гэты год быў складаным", цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі sb.by. З яго слоў вынікае, што для большасці жыхароў Беларусі "гэта быў някепскі год", хаця і ў "складаны перыяд нашага жыцця".

"[2019-ы] — сярэдні год, — гаварыў Лукашэнка. — Я яго ацэньваю, як год няпросты". Беларускі кіраўнік адзначыў, што сельская гаспадарка спрацавала летась "някепска", былі адноўлены рэзервы харчавання, але можна было дасягнуць і лепшых вынікаў. Тое самае ён сказаў і пра прамысловасць. Яе праблемы Аляксандр Лукашэнка звязаў з сітуацыяй у сусветнай эканоміцы ("...вы бачыце, што... робіцца на міжнародных рынках").

"Год будзе для кагосьці цяжкім, для кагосьці не вельмі, — гэта Лукашэнка дае прагноз на 2020-ы. — Але будзе вельмі няпросты год". Паводле яго слоў, трэба будзе "многае зрабіць для таго, каб таксама годна прайсці яго, захаваць нашу краіну, захаваць сваю незалежнасць, захаваць, што называецца, імя "людзьмі звацца".

Лукашэнка заявіў, што сіла беларусаў — у адзінстве. Толькі разам можна пераадолець праблемы, якія могуць узнікнуць у новым годзе, лічыць ён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі