Лукашэнка — пра каранавірус: калі пратрымаемся да 19 красавіка, жыць будзем
24 сакавіка Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз выказаўся пра сітуацыю з каранавірусам. Ён сустракаўся з кітайскім амбасадарам Цуй Цымінам і шмат гаварыў пра выкарыстанне кітайскага досведу, пра кітайскую дапамогу, у тым ліку і парадамі. Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што кітайцы, якія працуюць у нашай краіне, не завезлі каранавірусную інфекцыю.
"Усялякае ў жыцці бывае, але галоўнае — не панікаваць, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Я найбольш баюся, што людзі захварэюць на псіхоз ад таго, што адбываецца ў сродках масавай інфармацыі. Ад псіхозу будуць астатнія хваробы".
Падчас размовы з кітайскім амбасадарам кіраўнік Беларусі выказаў спадзяванне, што з досведам КНР наша краіна пройдзе пік захворванняў "на гранічна дапушчальным узроўні".
"Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня [19 красавіка] — значыць, жыць будзем", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Каранавіруснай інфекцыяй COVID-19 у свеце заразіліся больш за 392 тысячы чалавек, памерлі больш за 17 тысяч. У Беларусі на ўчорашні дзень быў зарэгістраваны 81 выпадак заражэння.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.