Лукашэнка пра мітрапаліта Кандрусевіча: трапіў у спіс неўязных
Кіраўнік Каталіцкага касцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч / Reuters
Кіраўніку Каталіцкага касцёла ў Беларусі мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу забаранілі ўезд у Беларусь. Цяпер яго правяраюць на наяўнасць замежнага грамадзянства, паведамляе БЕЛТА.
Лукашэнка заявіў, што кіраўнік Каталіцкага касцёла "нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у гэты спіс неўязных, які агульны ў Беларусі і Расіі".
"Мы вывучаем, я гэта не сцвярджаю. Хочам вывучыць пытанне. Калі там усё чыста і па законе, зробім па законе. Нам няважна, хто ён — галоўны каталік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць па законе. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, каталікоў, якія выдатныя людзі, тады падвойная адказнасць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, не тлумачачы прычын, не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня — ён вяртаўся пасля рабочай паездкі з Польшчы. Пасля некалькіх гадзін знаходжання на памежным пераходзе кіраўнік Беларускага каталіцкага касцёла вымушаны быў вярнуцца ў Польшчу.
Тадэвуш Кандрусевіч — грамадзянін Беларусі. Адвакаты кажуць, што яго могуць не пусціць дадому толькі ў выпадку пазбаўлення грамадзянства. Мітрапаліт напісаў ліст у Дзяржпамежкамітэт з просьбай растлумачыць, чаму яго не пускаюць у Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.