У Мінску адкрыецца першая ў Беларусі армянская царква
Царква будуецца ў Мінску трэці год
У Мінску сёлета адкрыецца першы ў Беларусі храм Армянскай апостальскай царквы. Будаўніцтва пачалося ў ліпені 2022 года і ўжо завяршаецца. Урачыстае адкрыццё запланаванае на кастрычнік.
Царква размяшчаецца ў Мінску на вуліцы Філімонава. Храм вышынёй 26 метраў будуецца па беларуска-армянскім праекце з ружовага туфу і базальту, прывезеных з Арменіі. Царква ўзводзіцца рукамі беларускіх будаўнікоў, але для работ з каменем, для роспісу сцен і столі прыцягнутыя армянскія спецыялісты, піша sb.by.
6 верасня з будаўніцтвам царквы знаёміліся міністр замежных спраў РБ Максім Рыжанкоў і старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. Апошні заявіў, што ў сталіцы "з'явіцца цэлы духоўны комплекс Армянскай апостальскай царквы", бо побач узводзіцца будынак культурна-асветніцкага цэнтра, дзе плануецца размясціць у тым ліку музей, нядзельную школу. А Рыжанкоў згадаў пра цяперашнія няпростыя адносіны Беларусі і Арменіі. Як вядома, яны пагоршыліся з-за палітыкі і дзеянняў Аляксандра Лукашэнкі. Аднак яго міністр ускладае адказнасць на "нейкіх палітыкаў найперш з армянскага боку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.