Лукашэнка: прыбяром БЧБ-сцягі, убіваючы людзям у галовы, што гэта нельга рабіць

Лукашэнка: прыбяром БЧБ-сцягі, убіваючы людзям у галовы, што гэта нельга рабіць

Падчас паездкі на "Гомсельмаш" Аляксандр Лукашэнка зноў абрынуўся на бел-чырвона-белую сімволіку, называючы яе фашысцкай. 

Ён згадаў, што бел-чырвона-белы сцяг быў у беларусі дзяржаўным на пачатку 1990-х. Аднак з ініцыятывы Лукашэнкі ў 1995 годзе прайшоў рэферэндум, на якім сімволіка была змененая. Па словах кіраўніка Беларусі, ён не прымае БЧБ-сімволіку, бо яна фашысцкая.

"Лукашэнкі партрэтаў пад БЧБ-сцягамі не было, а фашыстаў, Гітлера — былі. І мы паказваем гэта. І хто б мог падумаць, што тэатр Янкі Купалы, які ў вайну быў увешаны БЧБ-сцягамі, будзе пад гэтымі ж сцягамі сёлета? Вы што, хочаце сказаць, што я павінен быў гэта трываць у цэнтры Мінска? Не.

І мы прыбяром гэтую фашысцкую сімволіку з нашага грамадства. І зробім гэта прыгожа, перш за ўсё ўбіваючы людзям у галовы, што гэта нельга рабіць", — перадае "Пул Першага" словы Лукашэнкі.

Якім чынам улады ўбіваюць людзям у галовы, ужо вядома: за апошнія тры месяцы ў Беларусі налічваецца больш за 20 тысяч затрыманых. Па іх сведчаннях, міліцыянты прымушалюць іх ісці па бел-чырвона-белых сцягах, а калі хто адмаўляецца — б'юць. Таксама затрыманыя сведчылі, што найбольш люта амапаўцы ставяцца да тых, хто размаўляе па-беларуску. 

У сваёй прамове Лукашэнка заявіў, што ён не фашыст, бо фашызм — крайняя праява нацыяналізму, а ён, маўляў, інтэрнацыяналіст. Аднак пра тое, што беларуская дзяржава цалкам пераймае фашысцкія метады, апошнім часам гаварылі педагогі ў сваіх зваротах да ўлады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі