Больш за 200 педагогаў выступілі супраць ціску і звальнення нязгодных
Педагогі з розных школ і дзіцячых садкоў Беларусі напісалі новы зварот у Мінадукацыі. Подпісы пад ім пакінулі больш за 200 чалавек, паведамляе rebenok.by.
Настаўнікі агучылі чатыры галоўныя патрабаванні да Мінадукацыі:
1. Абараняць правы і свабоды, гарантаваныя Канстытуцыяй РБ;
2. Спыніць звальненні і ціск на педагогаў, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў непрацоўны час, а таксама на кіраўнікоў устаноў адукацыі;
3. Аднавіць на працоўных месцах педагогаў, звольненых па палітычных прычынах;
4. Вызваліць людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі за выказванне грамадзянскай пазіцыі на мірных акцыях пратэсту.
Яны абураюцца патрабаваннем Аляксандра Лукашэнкі, каб у дзяржаўных установах адукацыі не працавалі людзі, якія не падтрымліваюць палітыку і ідэалогію дзяржавы. "Але апошнія месяцы палітыка дзяржавы — гэта гвалт, хлусня, беззаконне. Хіба можа настаўнік падтрымліваць такую палітыку?" — пішуць педагогі.
Сённяшняя палітыка беларускай дзяржавы, на іх думку, наблізілася да фашысцкай. Як доказ яны прыводзяць цытату з навучальна-метадычнага дапаможніка "Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы":
"Галоўнымі прыкметамі фашызму з'яўляецца культ таталітарнай дзяржавы, тэрарыстычныя метады кіравання грамадствам. Фашысты імкнуцца да ўстанаўлення поўнага і неабмежаванага кантролю дзяржавы над усімі сферамі грамадскага жыцця. Схільнасць фашыстаў да тэрарыстычных метадаў кіравання грамадствам выяўляецца ў нагнятанні атмасферы страху і бяссілля ў грамадстве, правядзенні масавых рэпрэсій, жорсткім падаўленні любога іншадумства. У дзяржаўным апараце рэзка ўзрастае значэнне спецслужбаў, якія атрымліваюць практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы і з'яўляюцца непадкантрольнымі грамадству".
Таксама педагогі патрабуюць спыніць гвалт на вуліцах гарадоў, вызваліць усіх палітвяняў, прызнаць выбары 9 жніўня 2020 года несапраўднымі і правесці новыя сумленныя выбары
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.